epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня мая

Песня мая не ўзышла сярод кветак,

Кветак цвітучага вечна паўдня...

Поўначы сумнай забыты палетак

Даў ёй жыццё пасярод палыння.

 

Пушча і ночка яе гадавалі,

Няньчылі казкамі долі нямой;

Дождж і расіца вясною купалі,

Снежныя буры тулілі зімой.

 

Песня мая не ўспінае атласаў,

Выдумкай хітрай у свет не ляціць,—

Знацца ёй досць з беларускаю красай —

Лесам шумеці, касою званіць.

 

З думкамі ходзіць забранага краю,

Служыць і верыць у лепшы усход...

Бо, калі гасне паходня старая,—

Новую заўтра распаліць народ.

 

Песні маёй не патрэбны святліцы

Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,

Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай

К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.

 

Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,

Службы лакейскай не знае яна:

Воля жывая ёй вечнай зарукай,

Волі нязмеранай — служба адна.

 

Песня мая не шукае прывету,

Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім,—

Вецер свабодны з далёкага свету

Стрэне, праводзіць адпевам сваім.

 

З небам і ніваю ў дружбу заходзе,

Слухае бору адвечнай жальбы,

Водклікі лове ў бурлівым разводдзі,

Ў зорках шукае жыцця варажбы.

 

Песня мая не зачэпе сягоння

Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,

Зваленых хат і людзей у прыгоне,

Ўсходным зярном неабсеяных скіб...

 

Час, як крыніца, ідзе, не марудзе...

Кіне стары дзень жыццём кіраваць,

Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі

Будуць пачатую думку снаваць.

 

Песня мая не шукае чырвонцаў —

Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям,

Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,

Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

 

Пеці, і з часам, у добрую пору,

Выклікаць водклік у сонным сяле...

Ўсю Беларусь—неабнятну, як мора,

Ўбачыць у ясным, як сонца, святле.

 

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан