epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня

(З народнай)

Каб была я перапёлкай,

Каб я волю мела,—

Дзе б хацела, паляцела,

Дома б не сядзела.

 

Ці па ягады ў бор шчыры,

Туды, за сялібкі,

Ці ў лес цёмны па арэхі,

Дзе ляшчэўнік гібкі.

 

Ці ў зялёны луг, дзе рэчка

Ўецца і лялее,

Па каліну па чырвону,

Што ў тым лузе спее.

 

Ой, не быць мне перапёлкай,

Крылейкаў не меці,

Ні ў бор шчыры, ні ў лес цёмны

Мне не даляцеці!

 

Найгарчэйшыя у лузе

Ягады каліны,

Найцяжэйшая на службе

Доля у дзяўчыны.

 

Як я выйду, маладзенька,

За вароты ў поле,

Паліюцца самі слёзы

З цяжанькай нядолі.

 

Ой, крывава паліюцца

Мае горкі слёзы,

Бы расіца ў летню ночку

З беленькай бярозы.

 

Плачуць вочы век да веку

Дома і на полі —

Не па добрым чалавеку,

А па добрай волі.

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан