epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня

Ой, рана, рана войска ўставала,

Войска ўставала, з песняй ішло,

Клім Варашылаў на кані ўдалым

Войска выводзіў у бой за сяло.

 

Бітва кіпела, не заціхала,

Кроў вызначала ў полі сляды,

Белагвардзейцы, іх генералы

Беглі, ўцякалі а хто куды.

 

Страх, суматоха ў варожым стане,

Біліся нашы не абы-як,

Белапалякі ды англічане

Ох, будуць помніць нашых ваяк.

 

Ой, рана, рана войска ўставала,

Войска ўставала, з песняй ішло,

Клім Варашылаў на кані ўдалым

Войска з паходу вёў у сяло.

 

Музыка йграла, як спатыкалі,

І чырванелі ў сонцы сцягі,

Ціха байцы тут успаміналі

Пройдзены імі сцежкі-шляхі.

 

Бойкі заціхлі, сціх гул гарматаў,

А за мяжою вораг не спіць:

Точыць ён шаблі, точыць заўзята,

Хоча крыві йшчэ нашай папіць.

 

Ой, рана, рана войска паўстане,

Войска паўстане, пойдзе ў паход,

Клім Варашылаў ўперадзе стане,

Ўперадзе стане за свой народ.

 

1937




Беларуская Палічка: http://knihi.com