epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня сіроткі

Трэба мне, сіротцы, доля.

Ой, трэба:

Няма хаткі, няма поля

І хлеба.

 

На тым свеце бацька, маці

Ў магіле,—

Сама я запрацаваці

Не ў сіле.

 

Хто ж адзецца, пракарміцца

Паможа?

Дзе падзецца, прытуліцца,

Мой Божа?

 

Пайду к дрэўцу прытулюся,

Заплачу;

К зоркам думкай памалюся

Бядачай.

 

Пашлю скаргу, хай нясецца

За мора,

Як мне цяжанька жывецца,—

Гавора.

 

Мо не льюць там слёз напрасна

Паводкай,

Маюць літасць над няшчаснай

Сіроткай.

 

Стогне бор, віхры зрываюць

Плёт з стрэхаў,—

Мае жальбы заміраюць

Без рэха...

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан