epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Плача восень

Плача восень за акном,

Слёзы плюскаюць аб шыбы,

Абняла трывожным сном

Непрытульныя сялібы.

 

Плача восень, стогне ў сне,

З пушчай, з ветрамі галосіць,

Як бы дзе каго кляне

Ці аб шчасці моліць, просіць.

 

Плача восень ноч і дзень,

Слёзы плюскаюць аб вокны,

А па хаце чорны цень

Лазіць, тчэ свае валокны.

 

Гэта ходзіць, бродзіць сум,

Душу мучыць ў сваіх сетках

І трывожыць сказы дум,

Дум аб шчасці і аб кветках.

 

1915




Беларуская Палічка: http://knihi.com