epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Працаваў я ў полі..."

* * *

Працаваў я ў полі

Ды першае лета,

Меў я заработку

Курачку за гэта.

 

Мая курка-златапёрка

Ад усходу да вячорка

Па дварэ ходзіць,

Пісклянятак водзіць,

Хахол падымае,

Пісклятак збірае

І сакоча: ко-ко-ко!

 

Працаваў я ў полі

Ды другое лета,

Меў я заработку

Гусачка за гэта.

 

Мая курка-златапёрка,

Мой гусак-гагатунчык

Па дварэ гуляе,

Галаву ўздымае

Ды гусак збірае,

Крычучы: га-га-га!

А курачка: ко-ко-ко!

 

Працаваў я ў полі

Ды трэцяе лета,

Меў я заработку

Качачку за гэта.

 

Мая курка-златапёрка,

Мой гусак-гагатунчык,

Мая качка-небарачка

Па рацэ плывае,

Качанят купае,

Клічучы: ква-ква-ква!

А гусак: га-га-га!

А курачка: ко-ко-ко!

 

Працаваў я ў полі

Чацвёртае лета,

Меў я заработку

Індыка за гэта.

 

Мая курка-златапёрка,

Мой гусак-гагатунчык,

Мая качк<а>-небарачка,

Мой індык но<с> спускае,

Індычак склікае,

Крычучы: кулдык-булдык!

А гусак: га-га-га!

А качачка: ква-ква-ква!

А курачка: ко-ко-ко!

Меў я заработку

Качачку за гэта.

[1920-1925]


[1920-1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан