epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Праявы

— Што за плач такі здаецца

Там на лузе, там на рэчцы,

Бы хто слёзы ліў паводкай?..

Ці то маці, ці сіротка?

 

— Гэта маці, маці плача

Над сынамі, не іначай,

Што яе ў зямлю схавалі,

А сябе ў палон аддалі...

 

*

— Што за звон бразджыць, скрыгоча,

Як бы свет зніштожыць хоча

І звясці ў канец астатні?

Ці то Божы, ці то братні?..

 

— Гэта путы-сковы звоняць

І дух вольны к нетрам клоняць,

Скрыгацяць свае літанні,

На пагібель, на скананне.

 

*

— Што за голас ходзіць, бродзіць,

Сказы дзіўныя заводзіць,

Ажно йдзе па целе шорах?

Ці то друг наш, ці то вораг?

 

— Гэта ходзіць кліч па полі

З прыкліканнем к новай долі,

Пад акнамі станавіцца

І заве, заве збудзіцца.

 

*

— Што за віхар закруціўся —

Ў зямлю ўрыўся, ў неба ўзвіўся,

Бухнуў іскрамі пажару

На сялібы, на папары?

 

— Гэта бітва йдзе сусветна

Між святлом і апраметнай.

А хто ўскрэсне, а хто ляжа...

Глянь на сонца — сонца скажа!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан