Янка Купала

Прарок

Сярод маны, сярод насмешкаў,

Знак нейкі тулячы к грудзям,

Ішоў прарок пясчанай сцежкай

З навукай новаю к людзям.

 

Праціўны вецер лез у вочы

І плачам пеў, як дзіцянё,

Звяр'ё зубамі йграла ўночы,

Днём выла ў небе груганнё.

 

А ён, не знаючы граніцаў,

Ішоў, хістаючысь наўслонь;

Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,

Вялікіх праўд святы агонь.

 

Душа палала дзіўным жарам,

Бы з зораў выснутая ніць,

Што свет магла б сваім пажарам

Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.

 

Ужо з сваім аклічным словам

Прарок далёка быў вядом,

Народу шмат збудзіў к дням новым,

Даў славу братнюю братом.

 

Аж так дасяг - аквечан хвалай -

Зямлі забранай сумных хат,

Дзе царства цемры панавала,

Дзе сілу ўзяў над катам кат.

 

Народ змарнеўшы таго краю

Свайго на'т імені не знаў,

Як непатрэбшчына якая,

Гібеў на свеце і канаў.

 

Галовы людзі пахіліўшы,

Зямлю капалі, як краты,

Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы

Усе жаданні яснаты.

 

Прарок - пасол святла - ў загону

Людзей убачыўшы такім,

Маячыць стаў ім, як шалёны,

Прарочым голасам сваім:

 

«Паўстаньце, рабскія натуры,

Пакіньце свой адвечны сон,

Загаманіце віхрам, бурай,

Каб ажна дрогнуў ваш палон!

 

Глядзіце: прадзедавы косці

Ў зямлю калісь за вас ляглі,

А вы, як збэшчаныя госці,

Пракляццем сталі той зямлі.

 

Дзе вашы песні жыватворны?

Дзе ў вас прарокі й дудары,

Што над пагібельнасцяй чорнай

Віталі б полымем зары?

 

Забылі ўсё, згубілі долю,

Змяшалі славы цвет з гразёй

І запрадаліся ў няволю,

З душой і скурай счэзлі ў ёй.

 

Пара у рукі браць паходні,

Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!

Бо што не возьмеце сягоння,

Таго і заўтра вам не ўзяць.

 

Назло крывавым перашкодам

Скідайце ёрмы, клічце сход,

І дайце знаць другім народам,

Які вы сільны йшчэ народ!

 

За мной, за мной, забраны людзе!

Я добрай доляй послан к вам

І знаю, што было, што будзе,

І вас у крыўды не аддам».

 

Так гаварыў і з рабства клікаў

Людзей на волю той прарок,

Ждучы з трывогаю вялікай

Ад іх адказу неўнарок.

 

А людзі, глянуўшы на сонца,

Адказ казалі грамадой:

- Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,

Калі мы пойдзем за табой?

. . . . . . . . . . . . . . . . .

 

1912

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com