epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Праз вайну

Зіма. На дварэ мяцеліца вее,

Халодныя песні заводзіць віхор,

Зоркі не свецяць і сонца не грэе,

Аж вылезці страшна і глянуць на двор.

 

А снег усё сыпе болей і болей,

Страляе ў сцены сцюдзёны мароз,

І вецер шалёны вые у полі,

Ўсе гурбамі снегу ён хаткі занёс.

 

Пад борам зялёным вёска стаяла,

А бедная надта, ах, надта была,

Мяцеліца стрэхі яе пазрывала

І дзіка па сценах дзюравых гула.

 

У хатцы старой у гэту завею

Лучыначка свеціць святлей то цямней,

Там дзеткі малыя з маткай сваею

Льюць горкія слёзы з бядачых вачэй.

 

Памерзлі з марозу дзеткі у хатцы,

А шэсцера, бедных, там іх было,

Трасуцца і лезуць на грудзі к матцы,

Як птушкі да маткі сваёй пад крыло.

 

Ой, гэтых сіротак цяжкая доля,

Хоць маці і ёсць, але бацькі няма,

А тут яшчэ гэты холад-няволя,

Праклятая сцюжа, мароз і зіма.

 

Іх бацьку з японцам біцца забралі,

Бо ён запасны у цара быў салдат,

Вінтоўку і шаблю там яму далі

І стары салдацкі пацёрты халат.

 

Пакінуў ён дзетак бедных без хлеба

І хворую жонку без хлеба сваю,

А тут і падаткі яшчэ аддаць трэба,

Падаткі і чынш у казну за зямлю.

 

Кароўка раве не еўшы у сенцах,

Авечка у хаце з ягняткам бляе,

Нятоплена печка, дроў ні паленца,

А ў коміне жудасна вецер пяе.

 

Ой, бедныя дзеткі, як па пажары,

Хто ж вас тут накорміць, дроў насячэ?

Хто печку падпаліць, хто есці навара?

Хто хлеба вам булку, праснак хто спячэ?

 

Нямашака бацькі, хворая матка,

Няма каму бедным тут вам памагаць,

Ад ветру трасецца старая хатка,

Ратунку для вас ніадкуль не відаць.

 

А там на дварэ мяцеліца вее,

Халодныя песні заводзіць віхор,

Зоркі не свецяць і сонца не грэе,

Аж вылезці страшна і глянуць на двор.

 

1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com