epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пры скаціне

Яшчэ і сонца не ўзышло

Людзей на днеўны труд будзіць,

Тру-гу, тру-гу! на ўсё сяло

Труба пастырская гудзіць.

 

Тру-гу, тру-гу! ўставай,

Хто жыў, адзін, другі,

Вароты адчыняй,

Скаціну выганяй!

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

 

Ўстае сяло на трубны гук,

Спяшыць к жывёліне сваей,

І вот раздаўся рык і грук

Кароў, авечак і свіней.

 

Тру-гу, тру-гу! ідзі

На поле, на лагі,

Скацінка, і глядзі,

Той тая не бадзі!

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

 

Ідзе ўсё войска на папар;

Прыйшло, скланіла галаву,

І дружна, дружна мал і стар

Скубець вільготную траву.

 

Тру-гу, тру-гу! дзяры

Травіцу з-пад нагі,

Даждаўшыся пары,

Нап’ешся ты вады.

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

 

Скубець скаціна, а пастыр

Пасе, пільнуе ад ваўка,

Снуе вакол, удоўж і ўшыр,

То цёлку злае, то быка.

 

Тру-гу, тру-гу! з трубы

На свет шырок, даўгі

Мкне адгалос грубы,

Аж стогне лес, дубы.

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

 

І вось наеўся ды ідзе

Рагаты сыты полк у хлеў,

Пастух за ім у грамадзе,

Але пастух ці сыт, ці еў?

 

Тру-гу, тру-гу! й не сніў...

Пастыр — слуга слугі,

Свой полк кармі-пасі,

Сам после пад’ясі!

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан