epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пры выпіўцы

Вось і карчомка —

Вясёлы наш край!

Жыва, гэй, Шлёмка,

Гарэлкі давай!

 

Што там марудзіш

Ты, гэткі, такі?

Ў крыўдзе не будзеш,

Як п’юць бедакі!

 

Наша багацце

Нямоцна ні ў чым,—

Грошы не хваце —

Заставу дадзім.

 

Толькі нам водкі

Давай, не жалей!

Век наш кароткі,

Зато п’ём часцей.

 

Дарма мы рвёмся

Нядолю змагаць,—

Водкі нап’ёмся,

І гора не знаць.

 

Там каля хатаў

Плач ходзіць з бядой...

Мінск наш багаты —

Ён збавіць, як стой.

 

Возік каменняў —

Тры злоты ўжо ёсць,

Воз дроў, паленняў —

Рубельчык — як госць.

 

Вось і няскупа

Ўскашэліцца голь,—

Ёсць штось на крупы,

А трохі на соль!

 

Рэштку ў сівусе

Мы ўтопім навек;

З чаркай, з Марусяй

Вясёл чалавек.

 

П’ём водку, браце,

П’ём не ’бы як,—

Мей больш багацця —

Пілі бы не так.

 

Жыва ж, гэй, Шлёмка,

Гарэлку стаўляй,

Чаркай ды ёмкай

Ты нас надзяляй!

 

Весела, гучна

Час будзе ляцець,

Будзем піць дружна

І песенькі пець.

 

Ночка за чаркай

Пяройдзе, як стой,

Раніца ярка

Зардзіць над зямлёй.

 

Дымкай чырвонай

Зара замігціць,

Чарку чароўна

Святло развагніць.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан