epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Прыйшла восень...

Прыйшла восень, мужычок,

Ой, прыйшла!

Глянь, што ў пуню і тачок

Прынясла.

Працаваў ты, працаваў

Круглы год,

Разліваў ты, разліваў

Кроў і пот,—

Надзяліў жа малайца

Труд вялік:

Налажыў куток сянца

Наш мужык.

Злажыў торпамі ў таку

Скарб — снапы:

Акалоту у кутку

З паўкапы;

З копку грэчкі і аўса

Ў другі кут.

Вось і плата табе ўся

За твой труд.

Ідзі ў ток, ідзі да дня

Цэпам бі

І кароўку, і каня

Накармі.

Адбяры, што ўзяў вясной,

Ў магазын,

Насып мех ты збажыной,

Вязі ў млын...

Прыйшла восень, мужычок,

Ой, прыйшла!

Глянь, што ў пуню і тачок

Прынясла.

 

1907




Беларуская Палічка: http://knihi.com