epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Прыстаў я жыць...

Прыстаў я жыць на белым свеце,

Хоць столькі ўвокала жыцця;

Завялі думкі на расцвеце,

Душа жадае небыцця.

 

Нуда гняце з днём кожным болей,

Быт спавівае чарнатой,—

Як сухавей у чыстым полі

Гуляе з зернем-сіратой.

 

Пытання злога не пазбыцца,

Як мара бледная, стаіць:

Куды ісці? за што ўчапіцца?

Якім багам паклоны біць?

 

Мінуў, загінуў час вясёлы,

Калі зрываўся з усіх сіл

Ад родных ніў, ад родных сёлаў,

Ад апаганеных магіл.

 

Туды, туды, ўсё далей, далей,

Да недасягнутых вышынь,

Каб, апынуўшыся ў крышталі

Шчаслівых сонечных іскрын,

 

Самое сонца ўзяць у рукі

І, як з паходняй, з ім ісці,

Святлом ніштожыць нашы мукі,

Увесь плач роднае зямлі.

 

Ўзнімаць патоптаныя душы,

Людскім названнем акрыляць,

К жыццю падняць з магільнай сушы

Усіх, што толькі яшчэ спяць.

 

Служыць, служыць жадаў народу,

Сваім закованым братом...

І сіл не стала з непагодай

Вясці вайну, вясці з жыццём.

 

Чырвонай зданню ў цёмных сенцах

Наш рок сляпы снуе, цвіце;

Змяіны рогат адшчапенцаў

Жывыя грудзі рве, гняце.

 

На ніве роднай зброд прадажны

Скрозь гаспадарку распрасцёр,

Чужацкай песняю прыказнай

Калыша здаўлены прастор.

 

І шумна чаркі напаўняе

Крывёй аслепленых рабоў...

Гульню так чорную спраўляе

Паміж крыжоў, паміж грабоў.

 

Ваякі лепшыя за славу,

За славу роднай стараны,

Або ляглі ў бітве крывавай,

Або у путах — і яны

 

Ярмо валочаць паніжэння,

Ў кляцьбе бяссільнай гоняць век...

Глядзіш... пытаеш свайго ценю:

Дзе тутка звер, дзе чалавек?

 

У жудкім, чорным беспрасвіцці

Бушуе выпасвены кат...

Любіць... Каго, за што любіці?

І ненавідзець сіл няхват.

 

О Божа праведны, ты сілу

Сваю вяліку акажы:

Не згінуць з бацькаўшчынай мілай

Свайму слузе дапамажы.

 

Сашлі мне светлую падмогу

Астаткі сіл сваім аддаць

І — не зрабіўшы брату злога —

Пад крыжам бацькавым сканаць.

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан