epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Развейся, туман

Развейся, туман, расплывіцеся, хмары,

Над хатай пахілай маей!

Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары

Не мучаць душы і грудзей...

 

Штось клікала рвацца і вышай, і далей,

На лепшае звала жыццё.

Вы, злыя туманы, вы, хмары, без жалю,

Закрылі, забралі мне ўсё...

 

Стаю і гляджу я на хату крывую,

На ніву пустую сваю —

І слёз не стрымаю, і ціха бядую,

І нудную песню пяю;

 

І к небу малюся, ў жыццё заглядаю,

Ці моц скуль якая не йдзе?

І цёмна, і нема ад краю да краю,

Ні свету, ні следу нідзе...

 

Ні свету, ні следу... марнуюцца сілы,

Дух праўды і волі прыгас,

Нядоля і гора, навокал — магілы —

Вось роднага шчасця абраз...

1908




Беларуская Палічка: http://knihi.com