epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Рэчка

Між гор — далінаю — за вёску,

Не аглядаючыся ўзвыш,

Суважна, попрасту, па-свойску

Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш.

 

Падгоніш каменьчык жвіровы,

Травінку водную трасеш,

Чапаеш кораньчык альховы,

Па верху кветачку нясеш.

 

І лёд зімой табе не шкодзе —

Ўсё коцішся; а цёплым днём

На бераг выглянеш разводдзем,

Дый после — зноў сваім слядком.

 

Нясецца весела вадзіца,

Мая з ёй думка след у след,—

То рвецца ўдаль, то зноў баіцца:

І міл, і страшан думцы свет.

 

А рэчка як бы мне гавора:

«Аб долі хочаш знаць маей?

Я — капля ў моры; толькі ж мора

Маё ад дум тваіх святлей!..»

 

[1911]


[1911]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан