Пад навалай крыўдаў многія сталецці
Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця.
Мы няслі — ўсё ныла, гінула памалу,
Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.
Не для нас сасонкі нашы зашумелі,
Не для нас пасевы нашы зарунелі;
Адно ты нам, слова, засталося верным,
Каб вясці з упадку к радасцям нязмерным.
*
Каб вясці нас, як мы век свайго сумлення
Не заклеймавалі помстай, зніштажэннем,—
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысці, пад чужой прынукай.
Сеючы ж і дома, і за домам косці,—
Дзе нас гналі нашы леташнія госці,—
Як у пушчы цёмнай, збіліся з дарогі
І здарма чакалі ад людзей падмогі...
*
Усё спаганяць людзі, покі ноч шалее,
Вырвуць веру ў шчасце, веру і надзею,
Ды таго не вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.
Ой, не вырваць з сэрца цябе, наша слова
Ой, не ўзяць ніякім сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяціны,
Як бяруць у бацькі апошняга сына!
*
Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе.
І мы самі нават мо не спазнавалі,
Як у думках нашых цябе гадавалі,
Як цябе хавалі ў шчасці і няшчасці
Ад напраснай злосці, ад людской напасці.
*
Ты ў жыцці вяло нас з хвалай і няхвалай;
Быў час — свае правы чужым дыктавала;
І цяпер хто зводна над табой смяецца,—
Гэта або вецер, што ў платах трасецца,
Або той смяецца, хто не знаў ніколі
Чалавечых думак, чалавечай долі,—
Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна
Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны.
*
Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў з светам гаманіці...
З попелу мінуўшых дзён сляпых, крывавых
Весела узойдзе рунь святлянай славы,
І радзімым словам рукой мазалістай
Беларус упіша на старонцы чыстай
Кнігі і ўсіх народаў важна, ў непрымусе
Сумную аповесць роднай Беларусі.
1910