Янка Купала

Роднае слова

Пад навалай крыўдаў многія сталецці

Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця.

Мы няслі - ўсё ныла, гінула памалу,

Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.

 

Не для нас сасонкі нашы зашумелі,

Не для нас пасевы нашы зарунелі;

Адно ты нам, слова, засталося верным,

Каб вясці з упадку к радасцям нязмерным.

 

*

 

Каб вясці нас, як мы век свайго сумлення

Не заклеймавалі помстай, зніштажэннем, -

Мы калі ўміралі, то ішлі на муку

Для чужой карысці, пад чужой прынукай.

 

Сеючы ж і дома, і за домам косці, -

Дзе нас гналі нашы леташнія госці, -

Як у пушчы цёмнай, збіліся з дарогі

І здарма чакалі ад людзей падмогі...

 

*

 

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее,

Вырвуць веру ў шчасце, веру і надзею,

Ды таго не вырвуць, што напела маці

Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

 

Ой, не вырваць з сэрца цябе, наша слова

Ой, не ўзяць ніякім сховам ды аковам,

Як бяруць матулю у малой дзяціны,

Як бяруць у бацькі апошняга сына!

 

*

 

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,

Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца;

Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе

У благой і добрай мачысе-прыгодзе.

 

І мы самі нават мо не спазнавалі,

Як у думках нашых цябе гадавалі,

Як цябе хавалі ў шчасці і няшчасці

Ад напраснай злосці, ад людской напасці.

 

*

 

Ты ў жыцці вяло нас з хвалай і няхвалай;

Быў час - свае правы чужым дыктавала;

І цяпер хто зводна над табой смяецца, -

Гэта або вецер, што ў платах трасецца,

 

Або той смяецца, хто не знаў ніколі

Чалавечых думак, чалавечай долі, -

Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна

Замест сэрца - камень, мест душы - дым чорны.

 

*

 

Як жыло ты з намі - будзеш вечна жыці,

Грамадой мільёнаў з светам гаманіці...

З попелу мінуўшых дзён сляпых, крывавых

Весела узойдзе рунь святлянай славы,

 

І радзімым словам рукой мазалістай

Беларус упіша на старонцы чыстай

Кнігі і ўсіх народаў важна, ў непрымусе

Сумную аповесць роднай Беларусі.

 

1910

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com