epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Родныя песні

Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы,

Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны,—

Для роднай зямелькі вы — светлыя зоры,

Для роднага краю вы — райскія гімны!

 

У вас адаб’ецца нядоля і доля,

Ўздыханні, што ходзяць з сахою, з сякерай,

І холад, і голад, няволя і воля,

І ў будучнасць ясну надзея і вера.

 

На свеце на белым і праўдай, і чэсцяй

Гандлююць, збываюць за фальш і няславу;

Вы ж, песні, і светам маглі бы затрэсці,

Паклікаць к змаганню за добрую справу.

 

На рукі людскія наложаць аковы,

Край стопчуць, заграбяць чужыя народы,—

У песнях жа родны край, родныя словы

Жылі, і жывуць, і жыць будуць заўсёды.

 

Гэй, песні, гэй, звон Беларусі загнанай!

Зайграйце пацехай на родным загоне,

Што ўжо няма болей няволі, кайданаў

І людзі не стогнуць, як стогнуць сягоння!

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан