epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сад

Галлё панадна разлапушыў

За хатай прадзедавай сад;

Чарэшні, яблыні і грушы

Сышліся згодліва у рад.

 

Ківаюць макаўкамі ўдала,

Плывуць напевы ад галін,

Як бы з іх кожная ўзывала:

«Хадзі, бяспутнік, адпачынь!

 

Хадзі, усядзься каля нас ты,

Жыцця прыгод забудзь напасць,

Паслухай музыкі лісцястай:

Яна табе гарт новы дасць.

 

Ты многа йшоў, блудзіў ты многа,

Жадання крыж ты нёс і нёс,

Аж на расстайных стаў дарогах;

Цяпер — да нас ад бур і слёз!..»

 

Так быццам вабіць сад лісткамі

Пад цень свой думку многа лет;

А думка — што? яна з вятрамі,

Не знай, за чым ляціць у свет...

 

[1911]


[1911]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан