Мець бы мне крыллі саколія,
Мець бы мне волю зарніцаў,
К нізям не рваўся б ніколі я.
З высі б глядзеў на зямліцу.
Птахам свабодным пад зорамі
Лётаў бы шпарка над светам,
Па-над далінамі, горамі;
Шчасце свяціла бы мне там.
Вокам начніцы прагледзіста
Ў тайнаў сягнуў бы заставы,
Быў бы сам даляй нязведзістай,
Даляй свабоды і славы.
Песняй душы ўзрывы чыстыя
Лінуў бы ў свет на прыволле;
Слухалі б зоры агністыя,
Вецер бы ўторыў на доле.
Зможаны ж гібелі сілаю,
Век рвучысь далей і далей,
Хмарка была б мне магілаю,
Зоры памінкі б спраўлялі.
Вось і па смерці з зямліцаю
Знацца не трэба ўжо будзе...
Быці, ой, гэтак! — крыніцаю
Радасць плыла бы мне ў грудзі.
Дуньце ж, о віхры прывольныя!
Путаў не дайцеся сіле,
Вырвіце думкі нядольныя,
Дайце мне волю і крылле!
[1906-1910]