epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сцёпка Жук

1
2
3
4
5
6


1

Сцёпка Жук, па бацьку Ёсцы,

Гаспадар усім надзіва,

Ўсімі хвалены на вёсцы,

Жыве згодна і пачціва.

 

Абычай стары шануе,

Не чураецца сярмягі,

Хаты дзедаўскай пільнуе,

Ад суседзяў шмат павагі.

 

Ён прыкладам для ўсёй вёскі,

Добра знае, калі трэба

З сахой выйсці на свет боскі,

Калі дожджык пойдзе з неба.

 

Дзе якое сеяць збожжа,—

Трудна лепш ад Сцёпкі знаці;

Знацца лепш ніхто не можа

На раллі, на сенажаці.

 

Дзе якая звадка, схопка,

Годзіць, рае ў полі, ў хаце,—

Адным словам, як наш Сцёпка,

Рэдка нойдзеш гэткіх, браце.

 

 

2

Вечарынку як састрое,

Бо ўжо дзеці падрастаюць,—

Ёсць і сёе, ёсць і тое,

Музыканты гучна граюць.

 

За сталом Сцяпан садзіцца,

Пры ім жонка і суседзі,

Чым паслаў Бог — рад дзяліцца,

Ўсіх частуе, ўсіх прыгледзе.

 

Хлопцы-зухі і дзяўчаты

Пагуляць тым часам рады,

Сталі ў пары сярод хаты

І далей жа у прысяды!

 

Нуце, хлопцы, дзень далёка,

Пагуляйце, колькі воля!

Дый Сцяпан не зводзе з вока,—

Лішніх жартаў не пазволе.

 

Там і сям Сцяпан бадзяўся,

Распазнаў свет доўгім векам;

Хто распусце раз аддаўся,

Кепскім будзе чалавекам.

 

 

3

Жыве, праве, шыкам пана:

Крупаў, сала мае многа,

Хлеб вядзецца ж у Сцяпана

Круглы год, як у нікога.

 

А хлеб веяны, ўсё белы...

Эй, што там казаць далёка!

Шнур зямлі ён мае цэлы,

Значыць — поўная валока.

 

З усёй вёскай ён у згодзе:

«Кепска, кажа, жыці звадай».

Ён і ў воласці на сходзе

Многа можа словам, радай.

 

Жывуць, скажа хтось вучоны,

За граніцай лепш народы;

Кормяць люду міліёны

Шахты, фабрыкі, заводы;

 

І у нас мінула б ліха,

Каб настаў лад гэткі ў людзях;

Сцёпка ж бухне пад нос сціха:

«А ўсё ж бедны бедным будзе!»

 

 

4

Сцёпкі жонка — вёртка баба,

І язык... эй, што казаці!

А з рукамі і мазгамі

Трудна лепшай дзе спаткаці.

 

Ненаўды, што жонкі гэткай

Сцяпан трохі і баіцца,

А найбольш, хоць то і рэдка,

Калі з сватам падхмяліцца.

 

У такую тады хвілю

Знае жончыну ён плату;

Гатоў кругу даці мілю,

А цвярозым прыйсці ў хату.

 

Жонцы справіў чаравікі,

Сам жа ў лапцях ходзе болей,

А пачуе дзе прытыкі,

Што не меў ботаў ніколі,—

 

Сцёпка скажа: «Эй, там, што ты!

Лепш па зімцы лета меці,

Пасля лапцяў — насіць боты,

Як па ботах лапці ўздзеці».

 

 

5

У Сцяпана лад між дзетак,

Лад на полі, лад у хаце;

Адным словам, жывуць гэтак

Цяпер мала, пане браце.

 

Ад Сцяпанавай хацінкі

Не адойдзе так убогі,

Пагарэлы — без асмінкі,

Сірата — без дапамогі.

 

Сцёпка працы не баіцца,

Ці нуда гняце якая,

Песняй роднай весяліцца,

Вечна весел, не ўздыхае.

 

Стане хтось там наругацца,

Што так весел, хоць цвярозы,—

«Лепей, скажа ён, смяяцца,

Як дарэмныя ліць слёзы».

 

Да ўсяго Сцяпан ахвочы,

Як то ёсць прыпеў шляхочы:

І да танцу, і ружанцу,

Да выпіткі і выбіткі.

 

 

6

Плывуць леты, нібы рэкі,

Не варочаюцца болей,

Нішто жыць не можа векі —

З сваёй, з божай нікне волі.

 

Сцёпка выдаў замуж дочак,

Пры малодшым жыве сыне;

Як асінавы лісточак,

Ўвесь трасецца, горб на спіне.

 

Старасць — слабасць падаспела,

Стаў нядуж к рабоце ўсякай,

Неяк ходзе ўжо нясмела,

Нос распушыла табака.

 

Часам пойдзе ў лес і лыкаў

Надзярэ якіх з пяць пукаў,

З браку ботаў, чаравікаў

Лапці керзае для ўнукаў.

 

Старасць, старасць — смутны весці!

Ўжо і «вушка» не прымеце,

Скора, пэўна, будзе плесці

З сваім дзедам на тым свеце.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан