Збліжаецца лета к адходу,—
Дзе-нідзе зляцеў ліст чырвоны;
Павесіўшы лубку на шыі,
Выходзе сявец на загоны.
І поўнай мазолістай жменяй
Жытцо па раллі раскідае,
Хавае ў зямельку надзею,
Што возьме з сяўбы? — не згадае.
Ці, можа, цяпер вот, увосень,
Чарвяк яго працу падточыць,
Ці снег у разводдзе падпарыць,
Ці ўлетку грады падрузгочаць,
Ці знішчыцца ў пуньцы пажарам,
Ці так ад якой-будзь прыгоды.—
Такія, ах! горкія думкі
Сяўца абсядаюць заўсёды.
А ён не зважае на гэта,—
То ўвосень, то цёплай вясною
Арэ, барануе і сее
Сваёй мазалістай рукою.
Тут кожны, сяўца хто пабача,
Стары, ці малы, ці кабета,
— Радзі, памажы, Божа! — кажа,
А лёгка ж на сэрцы чуць гэта!
— Радзі, памажы, Божа! — скажам
—І мы сяўцам ўсякага роду,
А з зерня, што добрага севу,
Збяруць яны й добрую ўроду.
[1905-1907]