Не папе рымскаму служу
І не «свяцейшаму» сіноду!
Я аддаю сваю душу
Свайму няшчаснаму народу!
І маіх песень судзіць сказ
Не вам, не вам, хрыстапрадаўцы!
Бо той, што прыйдзе, лепшы час
На вас пятлю наложыць, здрайцы!
Вы ўсё на свой манер, капыл
Жадалі б звесці, атуманіць,
Жывых ўсіх на трупоў з магіл
Перахрысціць і апаганіць.
Лет сходзіць тысячы дзве ўжо,
Як вы гандлюеце Ісусам,
І ўсё ў пятлю — нутром вужоў —
Цягнуць жадаеце прымусам.
Вы — для вітання ў чорнай хвале,
Для мітраў, персняў і тыяраў —
«Інакамыслячых» каралі
Крывёй, крыжамі і пажарам.
Свабодзе, брацтву і святлу
Калісь мо звалі вас на службу,—
Вы ж крывапіўцам, срэбру, злу
Запрадаліся ў вечну дружбу.
І вы свой важыцеся суд
Свабоднай думцы выдаваці;
Вы, што ўзвялі у святасць кнут,
Сябе змяніўшы на пракляцце?!
1911