Залягла, як пасцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на смех:
Гэта снег, толькі снег...
За старухай-зямлёй
Ты пасцель, дружа мой,
Узваліў на душу,
Як бы крыж на мяжу,
І ўжо рад не на смех:
Гэта снег, толькі снег...
Думкі, сэрца, паглёд
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыццё не на смех:
Гэта снег, толькі снег...
Ты і жыў, і любіў,
Ты не ўмёр — і забыў,
Каб нічога не дбаць,
Смела ўдаль паглядаць,
Быць самым не на смех...
Гэта снег, толькі снег...
Хтось — сваяк, не сваяк —
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на смех!
Гэта снег, толькі снег...
Мо і лёгкія дні...
Не зачэпяць ані
Ні бяда, ні нуда,
Ні агонь, ні вада...
Само шчасце, сам смех!
Гэта снег, толькі снег...
[1909]