epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сон на кургане

АБРАЗЫ
І. У пушчы
IІ. На замчышчы
ІІІ. Пажарышча
IV. У шынкоўні
  *
  *
  *


 

АБРАЗЫ

І. У ПУШЧЫ

Сам. Русалкі

ІІ. НА ЗАМЧЫШЧЫ

Сам. Чорны. Відмы

ІІІ. ПАЖАРЫШЧА

Сам. Пагарэльцы. Вясельная дружына. Прыстаў

IV. У ШЫНКОЎНІ

Сам. Шынкар. Дзяўчаты. Госці. Стражнік

 

 

І. У пушчы

Восень. Ноч. Лес. Глуха шумяць калыханыя ветрам елкі і сосны; скрыпяць асіны і бярозы; з шэлестам валіцца на зямлю трупяжоўтае лісце. Паміж трох адвечных дубоў — мохам і галлём усланы ўзгорак-курган; над ім, зачапіўшыся валасамі за галіны дубоў, вісяць тры русалкі і калышуцца. З усёй мясціны вее бязлюддзем, чарам і жудою.

 

Русалкі

(разам)

Гу-та-та, гу-ля-ля,

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Ад сучка да сучка,

Ад куста да куста!

Ха-ха-ха! Вось яно,

Вось русалак жыццё,

Пушча — сосны, дубы —

Вось і царства усё.

 

Жывём самі сабой,

Самі ўмеем мы жыць,—

Ніхто есць не дае,

Не дае ніхто піць.

 

Днём ляжым, днём маўчым,

Як не жывы мы днём,

А як ночка прыйшла —

Мы жывём, мы пяём.

 

Так калышамся мы

Ад куста да куста...

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

 

Чуваць, затрашчалі сухія сукі ад нечыіх ног.

 

1 -я русалка

Ці вы чулі, ці не?

Штось трашчыць каля нас.

 

2-я русалка

Чула таксама я,

Вось напроці якраз.

 

3-я русалка

Пэўна, воўк ці мядзведзь,

Бо хто ж гэтай парой?..

Як вядома, хадзіць

Яны любяць сюдой.

 

1-я русалка

Стукат толькі дзвюх ног.

 

2-я русалка

Ну, і што ж там за дзіў:

Ў госці к нам чалавек,

Не інакш, заблудзіў.

 

Усе тры

(разам )

Чалавек, чалавек!

Нездарма пелі мы.

А цяпер хто куды,

Як начніцы, як сны.

(Адчэпліваюцца і разбягаюцца.)

 

Сам

(выходзіць, разглядаючыся)

Хаджу і блуджу я

Ўжо колькі гадзін

І, дзе ні ступлю я,

Не бачу пуцін.

 

Дубы ды хваіны,

Бярозы, вязы;

Скрыгочуць асіны,

Шыпяць верасы.

 

Кругом нейкі шорах;

Жуда, пустата;

Па долах, па ўзгорах

Лягла цемната.

 

То нешта смяецца,

То нешта пяе,

То кліча, здаецца,

То тут жа снуе.

 

Гоп, гоп! Не чуваці!..

Адказу няма.

Ой, пушча, ой, маці!

Ты зводзіш здарма.

 

Ох, зводзіш здарма ты,

Наслаўшы ламоў!

Я траплю дахаты,

Я траплю дамоў!

(Пайшоў далей, разглядаючыся.)

 

Русалкі

(выбегшы з-за кустоў, разам)

Ха-ха-ха, вось дык госць,

Як з зямлі, як з травы!

Чалавек, як і ёсць —

З галавой і жывы.

 

Ці сюды, ці туды,

Ад калоды, ад пня.

Ужо не выйдзе ад нас

Аж да белага дня.

 

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Аж да белага дня!

 

1-я русалка

(чапляючыся зноў за сук

валасамі)

Як люблю я, люблю

Гутатацца вось так!

Як бы дзе на градзе

Зацвітаючы мак.

 

Помню, гэта было

На зямлі між людзьмі:

Як любіла ж яго

Сэрцам, думкай сваймі!

 

Як бажыўся ён мне,

Што так любіць і ён.

Колькі ночак звялі,

Сон ішоў нам не ў сон.

 

Сон быў гэта, ах, сон.

Зноў зіма па вясне:

Ён пайшоў за другой;

Ён пакінуў мяне.

 

І тады, ах, тады

Адна сцежка была —

Ці ў раку, ці ў пятлю...

Ну — ў пятлю я пайшла.

 

І за тое люблю

Гутатаціся так,

Як бы дзе на градзе

Зацвітаючы мак.

 

Усе тры

(разам)

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Як бы дзе на градзе

Зацвітаючы мак.

 

2-я русалка

(сядаючы пад дубам)

Я сядзець так люблю,—

Гэта мой трон-пасад:

Бо ж я княжнай была

Таму лет сто назад.

 

Прыгажэй за мяне

Не было наўвакруг;

Шмат пакорных тады

Ў сябе мела я слуг.

 

Найвярнейшы адзін

З іх мяне спадабаў:

Як шалёны хадзіў,

У мой бок паглядаў.

 

Знала мукі яго

Я усе навылёт;

Як смяшыў, ах, смяшыў

Яго сумны паглёд.

 

Тады сэрца ў мяне

Не было ці было...

Княжне меці яго —

Не да твару ішло.

 

Князь багаты, стары

Ажаніўся са мной,

А мой верны слуга

Заручыўся з ракой.

 

Вось за тое й сяджу —

Гэта мой трон-пасад,

Бо ж я княжнай была

Лет таму сто назад.

 

Усе тры

(разам)

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Бо ж я княжнай была

Лет таму сто назад.

 

3-я русалка

(ходзячы па капцы)

Я снаваці люблю

То сюды, то туды,

Ўспамінаючы свой

Век з людзьмі малады.

 

Мы жылі удваіх,

Як дзве рыбкі ў вадзе;

Ён нідзе без мяне,

Без яго я нідзе.

 

Як любіліся мы,

Як быў ясен прастор!

Плялі думкі свае

З сонца, месяца, зор.

 

А пасля ад мяне

Адарвалі яго...

Ў дальню даль павялі,

А за што і чаго?

 

У мяне ж, ах, прыйшло

Дзіцянятка на свет;

Хлопчык мілы такі,

Як бы з кветак букет.

 

Стыдна стала ўжо тут

Мне за долю сваю...

Я ў пялёнках яго

Закапала ў зямлю.

 

Як нябожчык, жуда

Мяне ўсю абняла:

Я у горад адтуль

Пабрыла, уцякла.

 

Ну, пасля гарадскі

Брук мяне адалеў:

Хто мне лепей плаціў,

Ласкі лепшыя меў.

 

З віном слёзы піла,

Час маланкай ішоў;

Не стрывала і там —

Уцякла ўжо дамоў.

 

Сцюжай выла зіма,

Сцежку снег засыпаў;

Даплялася сяк-так,

Дзе маленькі мой спаў.

 

Абняла курганок,

Слёзы беглі з павек,

І заснула я там,

Ах, заснула навек!

 

І за тое сную

Так сюды і туды,

Ўспамінаючы свой

Век з людзьмі малады.

 

Усе тры

(разам)

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Так сюды і туды

Ўспамінаем мы свой

Век з людзьмі малады.

 

Чуваць, зноў затрашчалі сукі.

 

1-я русалка

Зноў трашчыць у кустах.

 

3-я русалка

Гэта, знаць, любы мой

Ужо вярнуўся ка мне

Са старонкі чужой.

 

1-я русалка

Не, не твой, але мой

Зменнік той ходзе, знаць,—

Зноў мяне палюбіў,

Будзе зноў цалаваць.

 

2-я русалка

І ні твой, ні яе,

А мой верны слуга

Княжну ўспомніў сваю

І ідзе, як мага.

 

3-я русалка

(як бы сама да сябе)

Мо нябожчык сынок?..

 

1 -я русалка

(як раней)

Мо татуля сівы?..

 

2-я русалка

(таксама)

Мо стары князь, мой муж,

Ка мне йдзе — як жывы?..

 

Усе тры

(разам)

Ну, ў кусты, хто куды!

Хай жа йдзе маладзец,

Пакуль блуду яго

Не надыдзе канец.

(Разбягаюцца.)

 

Сам

(разглядаючыся)

Не слеп я, здаецца,

Здаецца, не п’ян,—

Зноў гэтае месца,

Той самы курган.

 

І ногі прысталі,

І хочацца спаць,

А сцежкі, чым далей —

Не знаць і не знаць.

 

Ці кінуў хто ўрокі

У кожны тут кут,

Ці ведзьмы ўнарокі

Мяне водзяць тут.

 

Так шумы пужаюць,

Чуць што дзе дрыгне;

А дома чакаюць

Даўно ўжо мяне.

 

Гоп! гоп! Не чуваці,

Адказу няма.

Ой, пушча, ой, маці,

Ты зводзіш здарма!

 

Жартуеш здарма ты,

Наслаўшы ламоў...

Я траплю дахаты,

Я траплю дамоў!

(Ідзе далей.)

 

Русалкі

(выбегшы, разам)

І не наш, і нічый,—

Так сабе чалавек.

 

1-я русалка

Для спачынку яму

Я прыдумала лек.

 

2-я русалка

І мне ведама ўжо.

 

3-я русалка

Знаю я. Як не знаць?

 

Усе тры

(разам)

Вось тут, на кургане,

Яго ўложым мы спаць.

 

(Чапляюцца зноў валасамі

за сукі і калышуцца.)

Ха-ха-ха! Сёння ўжо

Ён не выйдзе адсюль.

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Гу-та-та, гу-та-туль!

 

1-я русалка

Ах, успомніла я

Сваё ўлетку жыццё;

Пільнавала тады

Я за вёскай жытцо.

 

Ужо спелы былі,

Як адзін, каласкі;

Вецер іх калыхаў

Вось так, так на бакі.

 

Ласкаталі так мне

Яны твар, валасы;

Ласкатала іх я

Ад расы да расы.

 

Пільнавала іх я;

Ажно раз, нада днём

К ім кабета ідзе,

Проста йдзе з фартухом.

 

Вочы ўпаўшы ў яе,

Не вясёла яна,

І худая уся —

Косць ды скура адна.

 

Як прыйшла, ды скубель

Каласкі так мае,

І адзін за другім

У фартух, як свае.

 

А я шась! а я ў смех!

Зняў кабеціну страх.

Ды наўцёкі адтуль,

Толькі чула я — ах!

 

Развязаўся фартух,

А яна ўсё бяжыць,

І рассеяла так

Каласкі па мяжы.

 

Ах, як смешна было!

Як смяялася я!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Гу-та-та, гу-ля-ля!

 

Усе тры

(разам)

Ах, як смешна было!

Ну, яна, ну, сям’я!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Гу-та-та, гу-ля-ля!

 

2-я русалка

(адчэпліваецца і садзіцца

пад дзеравам)

Ўжо нядаўна было;

Пільнавала ў аўсе

Так я грушу адну,—

Бач, хлапца к ёй нясе.

 

Абарваны такі,

Адно зрэб’е на ім;

Босы быў і усім

Тросся целам худым.

 

Як да йгрушы дабег,

А ўжо быў на ёй плод,

Зірнуў, плюнуў ў руку,—

І на йгрушу, як кот.

 

Як да верху далез,

Давай дзіч тую рваць

І за пазуху ўсё

Напіхаці, хаваць.

 

А я тут галінкой

Па камлі грушы хлоп!

Ды вось як: сучком трэсь

(Паказвае.)

Зляцеў хлопец, як сноп.

 

Летучы, зачапіў

Кашулёнаю сук,

І з-за пазухі ўсе

Грушы кучай стук-стук!

 

Не збіраў, паляцеў —

Уцякаў як быў дуж.

А я ў хохат, у смех

І з хлапца, і з ігруш.

 

Ах, як смешна было!

Як смяялася я!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Гу-та-та, гу-ля-ля!

 

Усе тры

(разам )

Ах, як смешна было!

Ну, яна, ну, сям’я!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Гу-та-та, гу-ля-ля!

 

3-я русалка

(адчэпліваецца і снуе па кургане)

Ах, і здарыўся мне

Такжа сёлета смех.

Пільнавала лажка,

Дзе быў блізка начлег.

 

Траўка ладна ужо

Ад зямлі адышла

І панаднай была

Для каня, для вала.

 

Меў на воку яе,

Як хто толькі зірнуў;

Аж смяльчак раз адзін

Так яе не мінуў.

 

Ночкай цёмна было,

Як на дне у вадзе;

Хмары месяц звялі,

Зоркі такжа нідзе.

 

Я ў травіцы сяджу,

Бачу: нейкі бядак

На худзенькім кані

Падцікаецца так.

 

Сядзіць конна, а ўвесь,

Як асіна, дрыжыць;

Падабраўся к лажку,

Як сава, ўкруг глядзіць.

 

Конь прыпаў да травы

І са смакам скубе;

Вельмі голадзен быў —

А я шась так сабе!

(Паказвае.)

 

А конь скок! ды наўцёк

Ува ўсе капыты.

А яздок аб зямлю...

Ўстаў, паплёўся ў кусты.

 

Адну толькі нагу,

Як калеку, валок,

А я ў хохат, у смех...

Такі смешны быў скок.

 

Усе тры

(разам)

Ах, як смешна было!

Ну, яна, ну, сям’я!

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Гу-та-та, гу-ля-ля!

 

1-я русалка

Але ж дзе, але дзе

Гэты наш маладзён?

 

2-я русалка

Мы тут пелі сабе,

А на сцежку ўзбрыў ён.

 

3-я русалка

Не яму пуціну

Ў гэтай пушчы знайсці.

 

Усе тры

(разам)

Пушча наша для нас —

Яе нашы пуці.

 

1-я русалка

А каб пэўна было,

Пашукаць трэба нам.

 

Усе тры

(разам)

Пашукаць, паглядзець

Там і тут, тут і там!

(Разбягаюцца.)

 

1-я русалка

(па хвілі варочаецца)

Ха-ха-ха! блудзе ўсё,—

Разглядае кусткі;

З рук і ног кроў цячэ,

Сумны, бледны такі.

 

3-я русалка

(выбягаючы)

Ха-ха-ха! блудзе ўсё.

То аб пень, то аб лом.

І на неба глядзіць,

Як бы там яго дом.

 

2-я русалка

(выбягае)

Ха-ха-ха! блудзе ўсё,

З сучкоў знакі кладзе,

Каб другі раз не йсці,

Перайшоў ужо дзе.

 

Усе тры

(разам)

Прыйдзе, прыйдзе сюды,

Хоць бы млеў, хоць бы чэз,

І засне, ах, засне,

Як бы ноч, як бы лес.

 

1-я русалка

Стойце! Чую трэск я.

 

2-я русалка

Ўжо ідзе.

 

3-я русалка

Ах, як кот!

 

Усе тры

(разам)

А цяпер хто куды!

Песні ў ход! чары ў ход!

 

Разбягаюцца, толькі зблізу чуваць з трох бакоў іхны смех

і «гу-ля-ля, гу-та-та».

 

Сам

(змучыўся, чуць ідзе)

Ўжо змогся саўсім я,

Змагла мяне цьма,

А сцежкі-пуцінкі

Няма як няма!

 

Спаткаў і ваўка ўжо —

Зуб ляскаў аб зуб;

Сава праляцела

І села на дуб.

 

З-пад пня выбег заяц

І ў гушчу пабег,—

А гэткі быў белы,

Як вапна, як снег.

 

Лізнула гадзюка

Хвастом каля ног,

Пабегла і недзе

Схавалася ў мох.

 

Ах, болей хадзіць, так

Блудзіць не магу!..

І сон не астаўся

Сабой у даўгу.

 

Пара адпачыці,

Дыхнуці пара,

Хутчэй мо на небе

Узойдзе зара.

(Садзіцца на кургане.)

 

Ах, як тут выгодна! —

Узгор, як пакой —

Мох, лісце, чарнобыль,—

Лес над галавой.

 

Ах, ах, як жа слаўна

Тут можна заснуць!

(Прыслухоўваецца.)

А ўсё нейкі шорах

Як чуць, так і чуць...

(Відам салавее.)

 

Ох, муцяцца думкі,

Павекі — як звон!..

Хацінка... сямейка...

Ах, сон, ты мой сон!..

(Засыпае.

Русалкі выходзяць з укрыцця.)

 

1-я русалка

(нагінаецца і ўглядаецца на Сама)

Ах, прыгожы які!

 

2-я русалка

(як і першая)

І які малады!

 

3-я русалка

(таксама)

І чаго ж, і нашто

Заблудзіў аж сюды?

 

1-я русалка

Як ён люба злажыў

Ручкі пад галаву!

 

2-я русалка

Як снапок, гэтак лёг

Тут на мох, на траву!

 

3-я русалка

Сам сябе усяго

У клубочак сагнуў;

Як адпаўшы лісток,

Як нябожчык, заснуў.

 

Усе тры

(разам)

Ха-ха-ха! як лісток,

Як нябожчык, заснуў!

 

2-я русалка

Цяпер сядзем пры ім,

Як тры кветкі ў акне;

Ціха так, каб не знаў,—

Ці наяве, ці ў сне.

 

1-я русалка

І навеем яму,

Пакуль сонца зірне,

Казку долі яго.

 

2-я і 3-я русалкі

(разам )

Што?

 

1-я русалка

Сон на кургане.

 

Усе тры

(разам)

Гу-ля-ля, гу-та-та!

Пакуль сонца зірне,

Загадаем яму

Сніці на кургане.

 

Садзяцца: дзве — наабапал — у галаве, адна — у нагах. Ціха, жаласліва пяюць; шум лесу зліваецца з іх песняй.

 

Спі, наш міленькі саколік,

Госць наш не званы, не сланы!

Дням пагубляў ты даўно лік

Долі сваёй неспыняны.

 

Мы над табою, мы — цені,

Поля і лесу начніцы,—

Казкай павеўнай асенім

Думкі твае злыбядніцы.

 

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Думкі твае злыбядніцы.

 

Спі, наш міленькі... Нікому

Гэткага сну не ссылалі:

Будзеш ты дома, за домам,

Будзеш ты бліжай і далей;

 

Сокалам вольным па свеце

Будуць павевы насіці;

Вогнікі ўгледзіш на цвеце,—

Будуць табе іх гасіці.

 

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Будуць табе іх гасіці...

 

Спі, наш міленькі... Далёка

Неба глухога світанне;

Будзе нялёгка, нялёгка,

Покі дзень новы настане.

 

Мы цябе тутка атулім

Ласкай сваёю і песняй,

Песняю — лю-лі, ой, лю-лі!

Гэтак панадна, уцешна.

 

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Гэтак панадна, уцешна...

 

Спі, наш міленькі!.. Вы, сосны,

Елкі, дубы і асіны,

Кіньце шумеці жалосна,

Пейце вясёлай часінай.

 

Выгляні, месяц бяляны,

Светач ад веку да веку;

Сведкаю будзь неабманнай

Гэтага сну чалавека.

 

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Сведкаю будзь неабманнай

Гэтага сну чалавека.

 

Пад канец песні падбліжаецца з аднаго боку воўк, а з другога—ліс і аподаль на задніх лапах садзяцца; паміж іх падымаецца да палавіны гадзіна і глядзіць у бок спячага; з-пад лазовага куста высоўваецца заяц і разглядаецца. З апошнімі словамі русалчынай песні паволі апускаецца заслона.

 

 

IІ. На замчышчы

Ноч. Старое замчышча ці так сабе палац— калісь, знаць, важны — сягоння напаўразвалены. На гзымсах паўзрасталі палын і крапіва; каля сцен дзікія ружы і акацыі памяшаліся з лазой і непрыветліва шалясцяць. Вокны і дзверы ўсе наглуха забіты тоўстымі яловымі дошкамі. Ганак (дзе і рэч адбываецца) каменны, на шасці слупах — па тры з кожнага боку. Пусткай, гніллём і зніштажэннем вее з усяго замчышча.

 

Сам

(падцікаецца к парадным дзвярам

з тапаром у руках)

Колькі ўжо ночак, ах, колькі ўжо раз

Стукаўся ў гэтыя сцены,—

Вечна заходзіла штосьці не ў час

Мне на дарозе нязменна.

 

Дзед мой нябожчык, калі уміраў,

Так гаварыў мне і тату:

Скарбы у лёхах замчышча схаваў

Хтось адзін вельмі багаты.

 

Трапіць жа можна ў ноч тую на след,

Як з іх спадае закляцце;

Толькі пары той не ведаў і дзед —

Трэба яе адгадаці:

 

Летам, увосень, зімою, вясной

Гэтыя пробую дзверы;

Штось адпіхае, штось кідае мной,

З рук выбівае сякеру.

(Закладае лёза тапара за дошку і мацуе.)

 

Чорны

(паяўляецца ля сцяны незаметна

і хватаецца за сякеру)

Ты зноў сюды лезеш, няшчасны!

Ха-ха-ха! вось так навала!

Напрасна, мой мілы, напрасна

Зноў цябе немач прыгнала.

 

Не дам я да скарбаў дастацца,

Варту я моцна трымаю;

Хто важыцца з мною змагацца —

Помач я крэпкую маю.

 

Ці просьбай, ці грозьбай, ці стонам

Стукнешся ў гэту мясціну —

І ўсё на загубу: не ўлезеш да скону...

Ха-ха-ха! счэзнеш скацінай...

 

Сам

(адступае ад дзвярэй, тапор з лёскатам

валіцца на ганкавы камень)

Так ужо ёмка тапор залажыў —

Меціўся дошку сарваці,—

Бач, як бы сілы ўсе свае збыў;

Млее рука, не спазнаці.

 

Хаты сваёй лягчэй зрушыць звяны,

Тут не йдзе ў лік і ахвота.

Спробую толькі з другой стараны,

Мо спрытней пойдзе работа.

(Закладае тапор таксама з другога

боку дошкі.)

 

Ну, адрывайся, пракляты запор,

До жартаваці са мною!

Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор!

Зноў не пакратаць рукою.

 

Чорны

(выбіваючы зноў тапор)

Зубамі грызі, війся ў ранах,

Сэрцам бі ў камень, як звонам,

Крывёю парог злі цагляны,

Трупам тут ляж безгалоўным,

 

І з свету таго выглянь марай,

З небам аплутаўшысь дружбай —

Удар перунамі з-пад хмараў,—

Я не пакіну тут службы.

 

Сам

(шукаючы тапара)

Дома ўжо нельга мне далей так жыць,—

Дом мой магілай халоднай;

Каменем поле сцюдзёным ляжыць,

Плёны змёў вецер халодны.

 

Марна пад кроквай ржавее каса,

Недзе ўчапіці нарога...

Толькі чырвоная ўсюды раса,

Толькі к няўдачам дарога.

 

Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног,

Смокчуць кроў з жылаў піяўкі;

К Богу звярнуўся — маўчыць нема Бог,

Сцелючы ў пекле прылаўкі.

 

Людзі!.. Што людзі? Ці ёсць дзе між іх

Годны адзін хоць у людзі:

Мутнасцю, трупам нясе ад усіх,

Пошасцей поўныя грудзі.

 

Чорны

Ха-ха-ха! Жыць табе трудна,

Цесна, хоць так свет вялікі,

Й думцы з людзямі адлюдна,

Свойскае стала ўсё дзікім.

 

І долю ўжо як абязвечыў,—

Скарб цябе цягне закляты.

А колькі разоў ад мяне чуў:

Лезеш і тутка здарма ты.

 

Сам

(знаходзячы тапор)

Вось і тапор мой. К рабоце жывей!

Скарб дастаць мушу я гэты;

Ласкай павее тады ад людзей,

Неба і цэлага свету.

 

Замахваецца тапаром у самыя дзверы; Чорны зноў яго выбівае; Сам, абяссілены, валіцца на зямлю.

 

Чорны

Калі ж ты спагоніш ахвоту?..

Вянь павуцінай, травою;

Змяшайся з гразёю, з балотам,

Стукай аб мур галавою...

 

Вясёлкай табе скарб смяецца,

Вогнікам зводзе бліскучым...

 

(Сам мацуецца ўстаць.)

Што? Зноў табе, квольнік, здаецца,

Што сіл досць маеш магучых,

 

Каб мяне тут паканаць, адалеці,

Вываліць дзверы ў замчышчы.

Не! Перш магілай на свеце

Станеш свайго пажарышча,

 

Пакуль сюды ўвойдзеш нязваны.

Кінь свае думкі, дзяціна.

Лепш чэрвем ад рана да рана

Ляж пад гнілою асінай.

 

Ха-ха-ха! і там жджы усходу,

Новага ўсходу — прынады;

Пішчы там, як каня ў пагоду;

Вый, як ваўкі на Каляды.

 

Сам

(шукае, поўзаючы на каленях, тапор)

Мусіць, змацуе гэтая глуш.

Эх ты, мой быт чалавечы,

Ўдзержаць сякеры і то ўжо не дуж,—

Корчацца ногі і плечы.

 

Як бы тапор ужо толькі знайсці

Ў гэтай пустошы заломнай...

Дзе ён? Дамоў без яго ж мне не йсці..

Як жа тут цёмна, як цёмна!

(Дастае з-за пазухі смолку.)

Маю на ўсякі прыпадак з сабой

Колькі смаляных падпалак,

Толькі запалкі...

(Мацае ў кішэнях.)

Ай, Божа ты мой!

Дома забыўся запалак.

(Шукае і знаходзіць вобмацкам тапор.)

Ну, ўжо і так разачок свой знайшоў...

(Прабуе пальцам лёза.)

Толькі аб камень збіў зубы,

Што ж? Так сягоння пойдзем дамоў,—

Вытачу заўтра, мой любы.

Эх, каб яшчэ ды папробаваць з раз

Гэтых струхлеўшых запораў!

Вось і напаў бы у добры мо час...

Там, эй, не знаў бы ўжо гора.

(З трудом устае і паглядае на дзверы.)

 

Чорны

Ты ўсё ўглядаешся ласа,—

Збыцца не можаш пакусы;

Дам я табе тут папасу,

Толькі гуляй без прымусу.

 

Сам

Ціха... Прыпомніў; ёсць мел у мяне.

(Знаходзіць за пазухай крэйду.)

Ўчора на мысль мне ўзляцела...

Чуў, што і поўнач тады не чапне,

Круг абвясці толькі ўмела!

(Садзіцца пасярод ганка —

бокам к дзвярам — на кучы друзу

і крэйдай абводзіць каля сябе круг.)

 

Вось мо цяпер і спазнаю усё,

Як знайсці к скарбу дарогу;

Ў поўнач тут, кажуць, сваё йдзе жыццё,

Толькі б не знацца трывогай.

 

Трэба хоць песню злягка зацягнуць,—

З песняй смялей, кажуць людзі;

Мыслі благія далей адлятуць,

Шорах так страшан не будзе.

(Пяе.)

 

Атуманіла ночанька цёмная

Нашы нівы і нашы сялібы

І ўсім песню пяе непрытомную,

Ў запацеўшыя звонячы шыбы.

 

Ва ўсе сцежкі блізкія, далёкія

Неспажыты ўплутаўся хвораст,

Сцяг-прысады стаяць адзінокія,

Агняцветны не выгляне пораст.

 

Не заходзіць, ідучы прысадамі,

Падарожны з далёкага краю;

З добрай весткай, з ласкавымі радамі,

Аб жыцці-небыцці не спытае.

 

Не заходзіць ніхто к нам са светачам,

Як пажар, як агністае сонца,

Неразвейнага, вечнага свету чым

Аслабеўшай уліў бы старонцы.

 

Ходзім, блудзім, снуем без прыстанішча,

Адпраўляем старыя малітвы

На забытым самымі курганішчы,

Дзе спяць сведкі нявыйграных бітваў.

 

Адно ветрам асіны хістаюцца,

Дзе сном слава заснула нязваным,

Ды круччо на пажыву злятаюцца

Судзіць суд над жыццём закаваным.

 

Гэй ты, гэй! наша ночанька цёмная,

Завагніся ты сонца пажарам,

Распалі нашу долю заломную,

Не пракляццем, а божым будзь дарам!

(Перастаўшы пець.)

 

Нейкую кашу, бадай, не з дабром

Ліха ўжо, знаць, заварыла;

Свіст, бразгатня, тупаніна кругом.

Што за нячыстая сіла?!

 

Проста рабінава ночка прыйшла!

Жудасць — дзе вока ні кіне...

Пацераў спробую, можа, імгла

Гэта шыпучая згіне.

 

Шэпча пацеры. Чорны свішча; з’яўляецца чалавек у лёкайскім уборы і, падаўшы жалезны саганок, знікае. Чорны запускае ў сярэдзіну саганка руку і, падымаючы адтуль жменю золата, падтрасае яго на далоні; грошы са звонам — як путаў жалезных — валяцца зноў у гаршочак; Чорны зноў іх адтуль бярэ і так усё перасыпае. Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырванасмольным жудкім полымем і, як сыпецца, выдае, быццам плыве нейкая крывавая поліўка.

 

Чорны

Дзын-дзын-дзын, звіні, як жалеза,

Золата, звонка-званіста;

Звіні па жалезных нарэзах,

Дзын-дзын, звіні ў звон ірдзіста.

 

Звініце ў звон золата, лозы;

Сыкайце, гадзіны, з гнёздаў;

Звініце ў звон золата, слёзы;

Бліск свой гасіце вы, звёзды.

 

Вецер усільваецца. Словы Чорнага зліваюцца ў нейкую дзікую музыку з бразганнем грошай, шэлестам зараслей і скрыпам дошчак забітых вакон і дзвярэй замчышча. З’яўляюцца — то з адной, го з другой стараны ганка — відмы; Чорны кідае кожнаму з іх па колькі чырвонцаў на зямлю,— касцятрупы хціва іх падбіраюць, падыходзяць к Саму і цянююць навокал яго — то падбліжаючыся, то аддаляючыся ад абведзенага мелам круга.

 

<1-е в і д м а>

Зноў ты, зноў — ты непакоіш

Наша царства-уладарства;

Зноў ламаці — думкі роіш —

Праўды нашай гаспадарства.

 

Вон адгэтуль, вон з парога!

Скарб пад нашымі замкамі.

Вон, якой прыйшоў дарогай:

Скарб пільнуе цемра з намі.

 

Хто закон наш не ўшануе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

2-е відма

Што тут робіш? Хто асмеліў

Падысці пад хорам гэты?

За праступ такі на дзеле

Даць адказ свой мусіш мне ты.

 

Не на смешкі, не на жарты

Мы вартуем гэтых зломаў.

Скарб пад нашай схован вартай —

Не дадзім чапнуць нікому.

 

Вон адгэтуль назаўсёды!

І не важся ступіць кроку:

Ўсе выходы і уходы

Наша мае страж на воку.

 

А хто варты не ўшануе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

3-е відма

Зноў на скарб наш вочы лупіш,

Зноў прыбрыў з сваёй пустошы...

Здохнеш перш, чым к яму ступіш,

Тут не банк, мой ты харошы.

 

Сотні лет і сотні плечаў

З сотні ніў яго тут клалі,

А ты, відма чалавеча,

К яму зубы так аскаліў.

 

Вон адгэтуль! Маё дзела

Ў тым, каб скарбу не пакратаў.

Я ганю цябе, калелы,

Гэтым хорамам заклятым.

 

Хто граніц мне не ўшануе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

4-е відма

Скуль ты ўзяўся? Чаго хочаш?

Кім пасланы, кім пазваны?

Што з сякерай тут ламочаш —

Па скарб лезеш захаваны.

 

Псуці хочаш нам машыны

Нашай фабрыкі цямрычнай...

Вон адгэтуль! вон, скаціна,

З сваёй думай неабычнай!

 

Вон адгэтуль! Тут крануці

Я нічога не дазволю:

Я ганю цябе акуццем

Гэтай хорамнай будоўлі.

 

Хто псуць фабрыку спрабуе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

5-е відма

Ці ты блёкату напіўся,

І залішне перамераў? —

Аж пад мур наш заваліўся

З сваёй востраю сякерай.

 

Не, не трапіў на пару ты,

Не туды прывёў бог шкляны...

Напаю цябе атрутай,

Аж патомак будзе п’яны.

 

Вон адгэтуль, покі цэлы!

Я ганю цябе законна:

Шкляным звонам, капляй белай,—

Царства нашага аслонай.

 

Хто звадзіць шынк наш спрабуе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

6-е відма

Ну, чаго сюды прыпоўз ты?

Ці табе не здаў хто рэшты?

Чаго лезеш горш каросты

І гішэфты мне псуеш ты?

 

Тут не гандаль, тут не крама:

Няма дзёгцю, няма солі...

Вон! Засядзь клапом пад трамай,

Шукай скарбу ў сваёй столі.

 

Вон адгэтуль! вон са скурай!

Я ганю цябе свячніцай:

Вечнай плесняй гэтых мураў,

Неспажытаю цямрыцай.

 

Хто гішэфты нам папсуе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

7-е відма

Дужа, дужа так нягодна;

Праў свянцоных не шануеш;

Гэтай подласцю выроднай

Сабе пекла прыгатуеш.

 

Скуль ты маеш дазваленне

Скарбам гэтым карыстаці?

Прэч адгэтуль безадменна!

Ціха сядзь у сваёй хаце.

 

Прэч ад нашага ўладарства!

Я ганю цябе павагай

Найвышэйшай земных царстваў!

Здрадай к свету, к цемры смагай.

 

Хто наш голас не ўшануе,

Я здаўлю таго прынукай:

Абручом такім спаўю я,

Як вужакай, як гадзюкай.

 

Чорны

(звонячы ўсё золатам)

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа

Аплятаці шчыльна, жвава

 

Абручамі ў знак, не ў знакі,

Як гадзюкі, як вужакі!

 

Відмы

(сплятаюцца за рукі і,

як ланцугом, ачэпліваюць і кружацца

навокал Сама)

Як гадзюкі, як вужакі,

Абручамі ў знак, не ў знакі

Аплятаці шчыльна, жвава

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!

 

Чорны

(падымае і стукае аб саганок

абломкамі муру)

Гэй, на вырай, гэй, на жніва!

Толькі спрытна, толькі жыва.

 

Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева —

Па наспелыя пасевы!

 

Відмы

(расплятаючыся і збягаючы з ганка —

кожнае ў сваю старану)

Па наспелыя пасевы —

Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева!

 

Толькі спрытна, толькі жыва,

Гэй, на вырай, гэй, на жніва!

 

Сам

(папраўляе ямчэй у руках тапор)

Што за дзіва, што за сіла

Тут свістала, скавытала,

Штось круціла, штось муціла,

Як вяроўкай, аплятала.

 

Відмы па хвілі варочаюцца ў тым самым парадку, але кожнае валачэ з сабой — зачапіўшы пятлёю за шыю — таварыша, які, астанаўліваючыся каля Чорнага, кідае яму ў саганок колькі медзякоў; пасля відма садзіць свайго таварыша на кругу каля Сама, канцом вяроўкі завязваючы рукі.

 

Таварыш 1-га відма

(кідаючы грошы)

Дзед і прадзед пахалі

Поле роднае тое,

А цяпер мне сказалі,

Што яно ўжо чужое.

 

З роднай выгналі хаткі,

Як бы ім што я шкодзіў...

Эх, нясу ўжо астаткі,

Бо за праўду мне ходзе.

 

1-е відма

(садзячы таварыша да Сама)

Вось таварыш для хаўруса,

Каб не брала больш пакуса...

 

Сядзьце ціха, сядзьце мірна,

Як мак з макам — так абшырна,

 

Як дамоўкі—так глыбока,

Як злом камня — так высока.

 

Сэрца шэптаў адчурайся,

З тапаром сваім сквітайся.

 

Як ні глянь сюды цікава —

Цемра тут закон і права.

 

Таварыш 1-га відма

Як жа, як я стараўся

Сабраць гэтых шалегаў,—

І ў калоды цягаўся,

І падзённа ў двор бегаў...

 

Сцюжа ціснецца к хаце,

Жыта ўжо ані жменькі,—

А тут кажуць аддаці

За шнурок свой вузенькі.

 

2-е відма

На, і ўчыцеся ахвоты

Шанаваць закляцця сплёты.

 

Сядзьце роўна і пакорна:

Як калоды — так праворна,

 

Як у пні клін — так свабодна,

Як дамоўкі — так выгодна.

 

Ад граніцы да граніцы

Страж мая тут—паляўніца.

 

Дум згасіце ўсе праявы:

Цемра тут закон і права!

 

Таварыш 3-га відма

Кабета

Ад усходу да ночы

Так йшла ў постаці звінна —

Смоллю пот лез у вочы,

Хоць круці — кашуліна.

 

А тут платы замнога

Кажуць, хоць гэтак мала...

Наце! Што ж? ваша змога,

Наша дзе ні прапала.

 

3-е відма

(з насмешкай)

Вось табе падмога ў працы

Па скарб лезці у палацы,

 

Дабівацца ў валадарства

Цёмна-ночнага мацарства.

 

Сядзьце квола, асцярожна;

Гляньце там, тут, а трывожна,—

 

Як пыліны — так забыты,

Як атопкі — так прыбіты.

 

Ажані тапор з няславай,—

Цемра тут закон і права!

 

Таварыш 4-га відма

Аднарукі

Як папраўдзе судзіці —

Мне належала б плата.

А тут кажуць плаціці

За якуюсь там страту.

 

Руку рвучы, машына

Сапсавалася, праўда,

Але ў чым жа я вінны,

Калі вінна прылада.

 

4-е відма

Ўсё да дружбы, ўсё да большай

Тваім думам збор вясёльшы.

 

Сядзьце роўна, жалязіста,

Мазаліста і крывіста;

 

Як дым гутні — так цягуча,

Як час векаў — так жывуча,

 

Як авечкі — гэтак дружна,

Як падмуркі — так натужна,—

 

Скарб не будзе тваёй стравай:

Цемра тут закон і права!

 

Таварыш 5-га відма

Так усё аплуцілі —

Не найсці ў свеце света,

І ўдабавак пусцілі

На пакусу звод гэты.

 

Ўзялі ўсё — дам апошкі:

Капля, кажуць, жалее;

Мо хоць трошкі, хоць трошкі

На душы прасвятлее.

 

5-е відма

Ўжо з пацехай ды вясёлай

К табе йду, мой ты дзябёлы.

 

Сядзьце шумна, як расохі,

Дурнап’ян, чартапалохі;

 

Як звон пляшак — неўгамонна,

Як сама кроў — так чырвона,

 

Як пагібель — так шчасліва;

Затуманьце ўсе парывы,

 

Каб не зводзіў скарб ласкавы...

Цемра тут закон і права!

 

Таварыш 6-га відма

Так аплуціў, ачмуціў,

Як чарвяк лісток вішні,

Хоць і знаю, што круціць,

Хоць і знаю, што лішне,

 

Мушу даць, хоць не штукі:

Змёў з тачка і паскрэбы;

Кажуць, лепшай прынукі

Не найсці — як патрэба.

 

6-е відма

На, і доўга не таргуйся,

па скарб да нас не сунься.

 

Сядзьце ціха, сядзьце скрыняй,

Як бы мухі ў павуціне.

 

Як кароўка — гэтак дойна,

Як свая цень — так спакойна;

 

Гібка так — як валаконцы,

Так працэнтна — як чырвонцы,

 

І па скарб не лезь аблавай:

Цемра тут закон і права!

 

Таварышы 7-га відма

Двое — старая кабета і падростак.

Кабета

Каб хаця ужо свечак

Як найболей разнеціў,

Каб аж мой чалавечак

На тым цешыўся свеце...

 

На імшу на «задушкі»...

За жывёлку таксама...

 

Падростак

За памершыя душкі

Майго таты і мамы.

 

7-е відма

Для навукі, для прымеру,

Як паступкам знаці меру...

Сядзьце складна і прыкладна,

Непакратна і няздрадна;

 

Як фігуркі выразаны,

Як бібулы маляваны,

 

Як грыбы ў спляснелай глебе:

Вочы к небу, губы к небу!

 

Ўсе жыцця здушыце з’явы...

Цемра тут закон і права!

 

Чорны

(стукаючы абломкам цэглы

па саганку з грашыма)

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа

Аплятаці шчыльна, жвава

Абручамі ў знак, не ў знакі,

Як гадзюкі, як вужакі.

 

Відмы зноў сплятаюцца між сабой за рукі, ачэпліваючы і кружачыся навокал Сама і пасаджаных пры ім звязаных таварышаў. Глуха-шмяліна гудзяць—не то пяюць; Чорны ў такт ім бразгае абломкам па саганку; скрыпяць дошкі; шалясцяць зараслі; вецер свішча ў шчылінах. Усё гэта зліваецца ў адну нейкую пякельна-шалёную мелодыю; нема толькі сядзіць Сам і яго таварышы на друзах замчышча.

 

Відмы

(у адзін голас)

Як гадзюкі, як вужакі,

Абручамі ў знак, не ў знакі

 

Аплятаці шчыльна, жвава

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!

 

Раптам асвечвае ўсё замчышча пажарны бляск. Момант відмы астанаўліваюцца і дзіка, злавесна глядзяць: вочы іх крывёю наліты, зверскія, прагавітыя.

 

Чорны

(стукаючы абломкам

па саганку)

Зноў на вырай, зноў на жніва,

Толькі спрытна, толькі жыва!

 

Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева —

Па наспелыя пасевы.

 

Відмы расплятаюцца, кожнае бярэ за вяроўку—між галавой і рукамі — звязанага свайго таварыша і ў парадку, у якім прыйшлі, сходзяць з ганка пад звон Чорнага грашыма.

 

Відмы

Па наспелыя пасевы —

Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева.

 

Толькі спрытна, толькі жыва,

Гэй, на вырай, гэй, на жніва!

 

Чорны свішча. З’яўляецца і забірае саганок з грашыма той самы чалавек, што яго і прынёс.

 

Сам

(усхапіўшыся з месца)

Што за дзіва, што за сіла

Зноў круціла, зноў муціла?..

 

Скавытала і свістала,

Як бы путам аплятала,—

 

Ні то ў яве, ні спрасоння...

Што за ночка мне сягоння?!

 

Было цёмна, як у вуллі,—

Хоць бы ў вока пальцам ткнулі,—

 

А тут відна ў гэтых грудах,

Хоць лічы іголкі ўсюды.

(Узіраецца ў той бок, скуль б’е

большы бляск.)

Што я бачу?.. Ці ж быць можа?

Гэта ж вёска!.. Божа!.. Божа!..

 

Жонка... дзіцё, бацька... матка...

Ах ты, хатка, мая хатка!

(Як шалёны, злятае з тапаром з ганка.)

 

Чорны

Ха-ха-ха-ха!..

 

Заслона

 

 

ІІІ. Пажарышча

Досвітак. Непадалёку ад пажару. Пасяродку стаіць дзікая груша. Валяецца колькі галавешак. Далей — трохі ўправа — пачынаецца палаючая вёска: з некаторых хат засталіся ўжо толькі печы ды каміны, а па баках ляжыць асмалеўшае бярвенне. Пажар падбіраецца пад другі канец вёскі. Калі-нікалі ўзрываецца вецер і даносіць снапы іскраў. Чуваць гул полымя і людскіх галасоў.

 

1-ы пагарэлец

(цягнучы лаву)

Скуль і як яно ўзялося?

З чыёй хаты занялося?..

 

Сплю, як толькі спяць уночы,

Чую, лезе дым у вочы;

 

Усхапіўся, паглядаю:

Мора полымя гуляе;

 

Сам не знаю, ў што ўчапіцца...

Ну, за лаву — прыгадзіцца.

(Ідзе далей.)

 

2-і пагарэлец

(з андаракам і каптаном бабскім)

...Мы з сваёй яшчэ не спалі:

Дзіцянятка калыхалі...

 

Раптам — відна... Я у дзверы,

Ды не ў дзверы, а ў кут змерыў.

 

Сяк-так выскачыў за хатку...

Бачу, косіць ад пачатку

 

Агонь вёску, як памора;

Зноў я ў хатку... ах ты, гора!

 

Сам не знаеш, што ўхапіці;

Крычу жонцы: бяры дзіце!

 

Сам хапаю сёе-тое...

Чуць з душою, чуць з душою...

 

2-і пагарэлец

(з матком і шпулькамі)

Я так крэпка сплю на печы:

Ажно тут — штурхель у плечы!

 

Глядзь: аж нехта качаргою

Мяне цягне, як дугою.

 

Ўжо ўстаю, ужо буджуся,

Злазіць з печы ўжо лаўчуся...

 

Бух аб землю, як сноп жыта,

Проста бокам аб карыта!...

 

Хтось крычыць: барджэй жа, тата!..

Ломяць, цягнуць усё з хаты...

 

Я — хвацель маток і шпулькі...

(Глядзіць за пазуху.)

Ну, а люлька... няма люлькі.

 

Дзяўчынка

(з хлопчыкам, меншым ад сябе;

абое у адных зрэбных кашулях)

Як маланкай, пайшла хатка,

Чаравічкі і апратка.

 

Хлопчык

(праз слёзы, разглядаючыся)

А дзе ж татка? а дзе мама?

 

Дзяўчынка

Ціха, братка: я таксама

Вось з табою іх шукаю,

Дзе ж падзеліся — не знаю.

Ў гэты бок няслі кадушку.

 

Хлопчык

Падсадзі — сарву я грушку;

Хачу вельмі піць і есці.

 

Дзяўчынка

(падсаджвае хлопчыка, з павагай)

Вось уздумаў грушы трэсці.

Тутка гэткае няшчасце,—

Не дзівота і прапасці.

А ён, бач, з сваёй ядою!

 

Хлопчык

(саскочыў і грызе сарваную дзічку)

Пабяжым цяпер затое.

 

Дзяўчынка

Не лезь толькі ў вочы з плачам:

Татку, мамку недзе ўбачым.

 

Хлопчык

(з радасцю адбягаючы з дзяўчынкай)

Недзе знойдзем, недзе ўбачым!

 

1-я кабета

(цягнучы саху, заплакаўшыся)

Што за ночка! што за ночка!

Не пакінуў і ламочка!

 

Як сярпом, зжынае, голе...

А стары прост сходзіць з поля,

 

Галаву саўсім губляе —

Сам не знае, што хватае;

 

То у хлеўчык матанецца,

То ля пуні апынецца...

 

Ні прыстання, ні куточка...

Што за ночка! што за ночка!!

 

2-я кабета

(з дзіцянём у калысцы)

Чуць паспела, чуць з душою

Гэта выхваціць малое;

 

Засталася ступа, дзежка,

І пасудак, і адзежка.

 

Мой паехаў з кума братам —

Папрасіў — паехаў сватам,—

 

І не бачыў, і не ведаў,

Як гарэла ўсё да следу,

 

Мо б што больш уратавалі...

Так, саўсім, саўсім прапалі...

 

3-я кабета

(цягнучы на руках ягнё)

...Цягнем з хаты мы ламоцце,

Зірк на хлеўчык — страху коце...

 

Я у хлеўчык — гнаць кароўку:

Як прывязана вяроўкай —

 

Ані з месца... тут авечка

З хлева ў полымя, як печку,—

 

Я ягнятка хваць за воўну,

А тут дыму ужо поўна...

 

Чуць у дзверы, чуць папала,

А ўжо хатка дагарала.

 

Яўрэй

(з багамоллем і ліхтарамі;

за ім жонка яго і чацвёра дзяцей)

І стадола, і камора

Так яшчэ стаялі ўчора,

 

А сягоння, як у яму,

Паваліліся і з крамай.

(Да жонкі.)

 

Знаеш, чуў я, у Агаты

Дзіцянё згарэла з хатай.

 

Яўрэйка

(з падушкай і халаю)

Мне казалі на прыгумні:

Чалавек звуглеў у пуні.

 

Дзіцянё 1-е

(з бляшаным пудэлкам цукерак)

Ото ж вочы дым кусае.

 

Дзіцянё 2-е

(са скруткам паркалю)

Будзе ж крама зноў такая?..

 

Дзіцянё 3-е

(са скрынкай з цвікамі)

Як жа гэта агонь страша!

 

Дзіцянё 4-е

(з кульком мукі)

А як з козачкаю нашай?

(Ідуць далей.)

 

Чуваць званкі, пасля ціхнуць; выходзіць з левага боку вясельная дружына; маладая ў вянку, малады з кветкай на грудзях, сват перапасаны праз плячо белым ручніком, музыка са скрыпкай, закоснік, маршалак і дзве дзяўчыны-дружкі.

 

Маладая

(асоўваецца бяссільна пад грушу,

закрываючы рукамі заплаканыя вочы)

Што тут стала? што тут стала?

Ўсё ў дыму, усё прапала!

Дзе ж мы сонейка сустрэцім?

Галавы прыкрыці нечым.

 

Малады

(садзіцца ля маладой, абнімаючы,

прытульвае к сабе і супакойвае)

Ціха, міленькая, ціха.

Як прыйшло, так пойдзе ліха;

 

Пагаруем, пабядуем...

Дасць Бог — хату адбудуем...

(Горка ўсміхаючыся.)

І вяселле дагуляем...

 

Мачыха маладой

(выбягае, задыхаўшыся,

з боку пажару)

Ах, ах! чым вас прывітаем?..

Чула, чула, галубочкі,

Вашы звонкія званочкі!..

 

Так усе мы вас чакалі:

Каравай прыгатавалі,—

 

А які ж, ах, быў удачны!

Каб вы зналі — які смачны!

 

Сват

(п'янаваты, панура)

Відно, смачны, бо смалілі,

Што аж хаты ў дым пусцілі.

 

Маршалак

Знаць, згуляці захацелі

Без шлюбоўнікаў вяселле.

 

Музыка

Але толькі без музыкі —

Пад пажарныя скавыкі.

 

Войчым маладога

(выходзіць з боку пажару з пустымі,

як і мачыха, рукамі)

Ну, прыехалі нарэшце!

Вось чым сэрцайка пацешце,

Малады і маладзіца.

 

Мачыха

Мы ў суседавай святліцы

Вас ад шлюбу выглядаем;

Гаманім сабе, чакаем...

 

Войчым

Як вам ведама—дзе мелі

Адгуляць ваша вяселле.

 

Закоснік

Ў вашых можна б скруціць ногі

Ні разгону, ні падлогі.

 

Мачыха

А тут раптам у ваконцы

Віднюсенька, як бы ў сонцы!

 

Войчым

Тут у лямант бабы, дзеці.

 

Мачыха

К сваім хатам мы ляцеці...

Ўратаваці не прыйшлося.

 

Войчым

Найперш з нашых занялося.

 

Мачыха

Як жа собіла ў час гэткі

Замарудзіць так вам, дзеткі?..

 

Сват

(заметна манячы)

Мост зламаўся, ну, праждалі,

Покі броду адшукалі.

 

Войчым

(панура)

Знаем вашыя мы броды:

Гэта так у нас заўсёды.

 

Соцкі

(выбягае з парожнім вядром)

А вы што тут сталі ў кучы

Ды, як мокрыя анучы,

 

Не парушыцеся з месца?

То ж не жарты вам, здаецца...

 

Падпаліў ўсіх нейкі злодзей...

Зараз воласць з прыскам пойдзе.

 

Маладая свой вянок, сват ручнік, а музыка скрыпку вешаюць на грушы, і ўсе ідуць за соцкім у бок пажару.

 

Стары

(з ім разам старая і іх нявестка з грудным дзіцём;

нясуць стол, начоўкі і калыску)

Я казаў вам, што заблізка —

Пачарнела аж калыска.

 

Нявестка

Ах, забыліся дайнічкі!

 

Старая

Стаўма гэтта каля дзічкі.

 

Стары

А, рабі ўжо, як там знаеш.

 

Нявестка

Каго толькі не спытаеш —

Адным чынам, што нам хтосьці

Падпаліў сяло па злосці.

 

Старая

Каб звуглеў, як гэта сажа...

 

Стары

Чымся слухаць, што хто кажа,

Лепш папраў дзіцю пялёнкі.

 

Усе адыходзяць.

 

Нявестка

(на выхадзе)

Не забыць каб зноў даёнкі.

 

Дзяўчынка

(і хлопчык з ёй —

абое ўжо заплакаўшыся)

Дзе ж той тата збег сягоння?

 

Хлопчык

Мамка ёсць, але вон гоне.

 

Дзяўчынка

Мамку маем і не маем.

(Ідуць далей, разглядаючыся.)

 

Падростак

(дурнаваты, ведучы сляпую бабу,

каторая, баючыся, ступае)

Зараз, зараз свет пазнаем...

 

Сляпая

Ці не збіўся ты з дарогі? —

Дзе ступлю, пячэцца ў ногі.

 

Падростак

Ціха, баба, пойдзе гладка;

Не спячэшся, як аладка;

 

Як ні бойся — не ўбаішся:

Ўсе сягоння падпякліся.

(Убачыўшы ламаццё.)

А, начовачкі і столік!

 

Сляпая

Дзе ж мы гэта, мой саколік?

 

Падростак

А пад грушай на узмежку;

Сядзь пад ёй во, як пад дзежкай.

 

І глядзі на дым чырвоны

Здаля, як з-пад парасона.

 

Сляпая

А вагонь жа не дастане?

 

Падростак

Ці ж аслепла, ясне пані? —

Тут і чорт цябе не чэпіць.

 

Сляпая

А мо далей пойдзем лепей?

 

Падростак

Ну, садзіся, будзь спакойна:

Далей, бліжай — усё роўна.

 

Сляпая

Усё роўна, мае дзеткі,

Мне ўжо: сонца, ночка, кветкі.

 

Падростак

(углядаючыся на грушу)

А... Ці бачыце, бабуля,

Як зраслі на йгрушы дулі:

Хвастач, скрыпка і вяночак?

 

Сляпая

Кпі сабе, мой галубочак!

 

Падростак

Даліпан-то не жартую...

(Становіцца на стале і хоча

дастаць скрыпку.)

Вось так зараз запілую.

 

Старая

(выходзіць з ламаццём;

з ёй стары і нявестка)

Ты чаго на стол узбіўся?

 

Падростак

(саскакваючы са стала)

Ціха, цётка, не сварыся —

Мірам кончым гэту справу:

Я — наўцёкі, ты — пад лаву.

(Саскаквае са стала і адбягае ўбок.)

 

Стары

Такі воласць абароняць.

 

Нявестка

Дзе ж? усіх к ратунку гоняць:

Мяне з дзіцем —то хацелі.

 

Старая

З двара з помпай прыляцелі:

Людзі ім ваду цягаюць,

Яны кішкаю пускаюць

На закоты, на застрэшкі...

 

Стары

Ну, ідзём, не ўзялі дзежкі.

(Адыходзяць.)

 

Падростак

(выбегшы з укрыцця)

А цяпер мая ўжо скрыпка,

Толькі лоўка, толькі шыбка.

(Дастае скрыпку і прабуе струн.)

Вось зайграю ва ўсе плечы

Ад запечка ды да печы.

Ад парога да парога...

 

Выбягае кабета-вар’ятка, сышоўшая з розуму праз пажар,— у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана; на левай руцэ ў яе — як дзіцянё — абкручана анучамі галавешка, а ў правай — сціскае ў жмені нож; як выбегла — хлопец адскочыў убок.

 

Вар’ятка

(размахваючы нажом)

Дай гасцінец, дай дарогу!..

Жыў ніхто тут не залежа:

Ўсіх пазводжу, ўсіх парэжу!

 

Вось так жніва, вось пакоша!

Дзе мой муж, дзе мой харошы?

 

Няма мужа — і так дужа:

Ўсюды пойдзе крыві лужа.

(Углядаецца на сляпую пад грушай.)

 

Ты са мной яго жаніла,

Ты яго мне і спаліла...

 

Давай горла, бо іначай

Свету боскага не ўбача

Твой паглёд, змяя, вужача.

(Хоча кінуцца з нажом на кабету.)

 

Падростак

(падбягае і хватае ззаду за руку)

Што ты, цётка, звар’яцела

Ці мо блёкату пад’ела:

 

К сляпой лезеш без баязні,

Як угледзіць, справіць лазню.

 

Чым людзей тут заразаці,

Лепш пільнуй свайго дзіцяці...

 

Вар’ятка

(спачатку тузаецца, але пры слове

«дзіцяці» выпускае з рук нож

і туліць к грудзям галавешку)

Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!

Лю-лі, лю-лі, сакалочак!

(Дастае грудзі і хоча карміць.)

 

Падростак

(сам да сябе)

Проста з поля сышла цётка.

 

Вар’ятка

На, пассі, на, дзіцянётка!

Ты не вер, што кажуць людзі,

Быццам таткі ўжо не будзе.

 

Падростак

(сам да сябе)

Жджы к Пятру сырка, матуля.

 

Вар’ятка

Маеш мамку, а татуля?..

(Неўспадзеўкі к падростку.)

Я з табою ажанюся.

(Хоча абняць яго.)

 

Падростак

(сам да сябе)

Клёпкі ўсе згубіла, мусіць.

 

Вар’ятка

Толькі як вяселле ўстроіць?

 

Падростак

(сам да сябе)

Трэба бабу супакоіць.

(Да вар’яткі, паказваючы скрыпку.)

Я пайграю — ты паскачаш.

 

Вар’ятка

А вянок дзе?

 

Падростак

(паказваючы на грушу)

Ці ж не бачыш?

 

Вар’ятка

(дастае вянок і кладзе на галаву)

А як з сватам і дружынай?

 

Падростак

(сам да сябе)

Ну, нявеста! каб лепш згінуў.

(Да яе.)

Я ўсім буду, мая душка,—

Разам — сватам, мужам, дружкай.

(Дастае з грушы хвастач і — як сват —

закручвае сабе праз плячо;

адрывае кусок з лісцямі галінкі

і прычэплівае к грудзям.)

 

Вар’ятка

І музыкай, і музыкай.

(Глянула на сляпую і кладзе на галаву ёй

кусок сухой галіны, скруціўшы абручом.)

А ты, імасць, будзь нам сваццяй!

 

Падростак

Час вяселле пачынаці.

 

Садзіцца на калысцы і пачынае іграць і прыпяваць; вар’ятка, цянюючы каля грушы, падцінае яму на языку.

 

Былі ў бацькі тры сыны,

Гоп-я!

Да ўсе ж яны Васілі,

Гоп-я!

 

Дзяўчынка і хлопчык

(выбягаюць і з плачам кідаюцца да вар'яткі)

Мама! мама! дзе наш тата?

 

Вар’ятка

Вон, ягнята, вон, шчанята!

(Далей прыпявае пад музыку

з падросткам.)

Адзін коні пасе,

Гоп-я!

Другі лапці пляце...

 

Пачуўся з боку пажару гоман і крык: «Дзяржы моцна! Бі, колькі ўлезе!»

 

Падростак

(прыслухаўшыся, ускаквае)

Цяпер, жонка, давай драла,

А то, каб не перапала

І табе, і мне таксама.

(Выбягаюць абое.)

 

Дзяўчынка і хлопчык

(бегучы за вар'яткай з плачам)

Дзе наш татка? мама, мама!

 

Увальваецца гурмам куча людзей, валакучы і тузаючы Сама.

 

Сам

Хоць зарэжце — ўсё мне роўна:

На начлезе быў сягоння.

 

Пламя ўгледзеўшы з папару,

Ратаваць бег ад пажару...

 

Я не вінен, хоць зарэжце...

 

1-ы голас

(з грамады)

Лжэ, сабака, праўду бэсце:

Конь згарэў яго у хлеве.

 

Сам

Хоць павесьце тут на дрэве.

На начлезе...

 

2-і голас

(перапыняючы)

А з сякерай,

Звёўшы хаты, ў воласць мерыў?

 

Сам

Як і вы, бег ратаваці

Вас усіх, як сваіх браццяў.

 

3-і голас

(кабечы)

З тапаром і галавешкай,

Падцікаючыся сцежкай...

 

4-ы голас

Покі што прывяжам к грушы.

 

5-ы голас

Хай жа тут мазгі пасуша,

Як агнём агонь гасіці.

 

Сам

Хоць зарэжце, хоць судзіце,—

На начлезе быў я толькі.

 

4-ы голас

Ці няма ў каго вяроўкі?

 

3-і голас

Ўсе бярвенні пагарэлі,

А вяроўкі каб не стлелі?

 

4-ы голас

Паяса мо хто пазычыць,

После ўсё на ім палічым.

 

Колькі галасоў

Хто аб поясе тут думаў!

 

3-і голас

Я сяджу сабе у кума...

 

5-ы голас

(перапыняючы)

Гэта ж пояс свой ён мае.

 

4-ы голас

(да 5-га)

Я з табою прытрымаю,

А хай хто яго развяжа.

 

3-і голас

На вяроўцы ўсё раскажа.

 

Адвязваюць пояс; пасыпаліся з-за пазухі кускі смолкі.

 

1-ы голас

Во, во! гляньце, чым прасвіста

Ратаваў усіх нас чыста.

 

Колькі галасоў

Нават смолка для падпалкі...

 

3-і голас

Пэўна мае і запалкі.

 

Валакуць і прыціскаюць Сама плячыма да грушы, закручваюць рукі назад і звязваюць іх на другім баку грушы.

 

Сам

Ратаваці бег з папару

Усіх чыста ад пажару.

 

1-ы голас

Хай да дня тут перастое,—

Там убачым, што якое...

 

4-ы г о л а с

(да сляпой бабы)

А ты май яго на воку.

 

Хутка ўсе адыходзяць у бок пажару.

 

Сам

(панура)

За няма што на вяроўку,

Як якога арыштанта...

 

Падростак

(выбягае са скрыпкай)

Хі! Якога бачу франта...

 

Вось абняў, як дзеўку, грушу,

Нат рукамі не паруша...

 

Я хоць з бабай ажаніўся,

Гэты ж к дрэву прычапіўся.

(Да Сама.)

Дрэнна, дзядзька! Невялічкі

Смак пад дзічкай — не ўрваць дзічкі.

 

Ну, пушчу цябе на волю,

Вазьмі бабу маю толькі; —

Ўсяго першы дзень жанаты,

А ўжо хоць ідзі вон з хаты.

 

Адно ты мяне не выдай...

(Хоча развязаць пояс, але,

аглянуўшыся, уцякае.)

 

Старая, за ёй нявестка падбягае, і хмурна ідзе стары, кідаючыся са слязьмі к Саму.

 

Старая

А!.. сынок мой, ці ж ты збрыдаў

Хаткай, намі так без жалю?

 

Стары

(панура)

Ці то праўда, што казалі?

 

Старая

Ўсё бацькам сказаць павінен.

 

Сам

(з болем)

Хоць зарэжце, я не вінен:

На начлезе быў... З папару

Ратаваць бег ад пажару,

А яны мяне...

 

Стары

(перапыняючы)

Конь быў дома.

 

Старая

Бег са смолкай і саломай

Ужо пад воласць, кажуць людзі.

 

Нявестка

(галосячы)

Што ж, міленькі, цяпер будзе?

Ў ссылку могуць засудзіці,

А мне хоць ідзі ў свет з дзіцем.

 

Стары

(глуха)

Не жалеў ты бацькі, маці,

Ані жонкі, ні дзіцяці.

 

Старая

(слязліва)

Колькі бедненькаму мукі:

Збілі так, звязалі рукі.

(Хоча развязаць.)

 

Стары

Не чапай без часу, маці,—

Гэтым нам не ўратаваці,

 

Толькі можа стацца горай.

Усё роўна ўжо дзень скора:

 

Наверх праўда выйсць павінна.

Хоць бы мела ўзяць нам сына.

 

Нявестка

(уціраючы слёзы)

Так ці сяк — не вернем хаткі...

Прынясем пайдзем астаткі.

(Уздыхаючы, адыходзяць.)

 

Падростак

(падбліжаючыся)

Нудна, дзядзька! Мамка з таткам,

Ну, і жоначка з дзіцяткам.

 

Пагасціўшы, разышліся:

Па апошняе пайшлі ўсе.

 

Пакуль зноў хто прывандруе,

Я на памяць падарую

 

Паясок табе твой, дзядзька,

Пажалею лепш, як бацька.

 

Развязвае Саму рукі, той бяссільна асоўваецца ля грушы. Падростак садзіцца на стале і пачынае з увагай строіць скрыпку.

 

Сам

(панура)

Ўсё згарэла, ўсё, дазвання —

З хатай воля і прыстанне.

 

Слепа стануць сведчыць людзі,—

Суд у катаргу засудзіць.

 

З усім родным разлучуся...

Не вярнуся, а вярнуся —

 

Уся вёска сходку скліча,

Мне праступкі ўсе паліча;

 

Скажуць: ссыльнага не трэба...

Зноў без хаты, зноў без хлеба...

 

З дзіцем жонка ў чужых згіне,

А бацькі — у жабраніне...

 

На пагібель, на скананне

Ўсё згарэла, ўсё, дазвання.

(Гаворачы усё гэта, круціць у руках

пояс, мацуе і мяркуе яго даўжыню

і жудка ўсміхаецца.)

 

Падростак

(раптам перастаючы строіць скрыпку

і ўглядаючыся ў адзін бок)

Зноў сюды прэ мая жонка.

(Саскаквае са стала і ўцякае.)

 

Сам

(як шалёны, ускаквае на стол

і завязвае за сук грушы пояс)

Будзь шчасліваю, старонка!

(Укладае галаву ў пятлю і вісне.)

 

Вар’ятка

(улятае — таксама —

з галавешкай і вянком)

Дзе мой нож? усіх парэжу!

Ніхто жыў тут не залежа!

(Хватае, угледзеўшы, тапор.)

Усіх парэжу, як авечкі,—

Пасяку ўсіх драбней сечкі!

(Глянуўшы на вісячага Сама.)

На пачатак гэту йгрушку

Ў сама горла трапіць мушу.

 

Ускаквае мігам на стол і замахваецца тапаром у шыю Сама, але пападае толькі ў пояс і перасякае яго. Сам, яшчэ з знакамі жыцця, валіцца на зямлю. У вар’яткі выпадае з рук тапор; сыходзіць са стала і пачынае зноў галубіць дзіцянё-галавешку. Сам кашляе крывёй і хрыпла стогне.

 

Вар’ятка

(снуючы кругом грушы)

Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!

Лю-лі, лю-лі, сакалочак!

(Туліць і хоча карміць грудзёй.)

 

Сляпая

(маўчаўшая дагэтуль)

Што тут творацца за дзівы,

Божа ты мой літасцівы?!

 

Стогнуць, плачуць і рагочуць...

Што ім трэба? Чаго хочуць?

 

Дзяўчынка і хлопчык

(выбягаюць, ужо саўсім збедзіўшыся

і асалавеўшы, і чапляюцца

за спадніцу вар'яткі)

Мама, мама, дзе наш тата?

 

Вар’ятка

Вон, ягнята, вон, шчанята!

 

Снуе далей навокал грушы; дзеці ад яе не адстаюць. Выходзяць, несучы лаву і другое ламаццё, стары, старая і іх нявестка.

 

Стары

(садзячыся ля стала на зямлі; панура)

Ну, цяпер, ужо дажынкі.

 

Старая

(нагінаючыся над Самам)

Адвязаўся, бедачынка,

Сам адплутаўся, міленькі.

 

Нявестка

(з дзіцем на руках, таксама нагінаючыся)

А як змучыўся усенькі!

 

Сам

(ачуняўшы трохі, стогнучы хрыпла)

Ратаваці бег з папару

Усіх чыста ад пажару.

 

Старая

(садзячыся з нявесткай наабапал яго,

заламаўшы на каленях рукі, маркотна)

Што рабіці, што чыніці?

 

Нявестка

(нагінаючыся над дзіцем)

Няма чым і пакарміці:

Як спужалася, заныла,

Малако ўсё...

 

Стары

(глуха)

Ўсё скасіла,

Прыскам, попелам пакрыла.

 

Сам

(з сумнай жаласцю ўглядаючыся на дзіцянё,

каторае працягвае да яго ручачкі)

Хіба ты, падросшы, дзетка,

Будзеш бацькі свайго сведкай.

 

Маладая

(уваходзячы з маладым, горка ўсміхаючыся)

А цяпер вяселле справім.

 

Малады

(таксама)

Ежай, водкай стол заставім.

 

Садзяцца на старане, абняўшыся, сумныя.

 

Сват

(за ім уваходзяць музыка і дружына)

Прыстаў з стражнікамі едзе,

Затрымаўся толькі недзе.

 

Музыка і дружына

(разам)

Кажуць, едзе на дазнанне.

 

Стары

(панура)

Як згарэла ўсё дазвання!

 

Падростак

(са скрыпкай, разглядаючы ўсіх)

Ну, цяпер-то ўжо вяселле

Не такое, як мы мелі

 

Са сваёю маладухай,

Рэзнуць можна ім ад вуха.

(Строіць скрыпку.)

 

Музыка

(усхапіўшыся)

Ты дзе скрыпку ўзяў, псяюха?

 

Уваходзяць прыстаў, два стражнікі і куча пагарэльцаў за імі. Усе ўстаюць, сядзяць толькі сляпая, падростак і Сам.

 

Прыстаў

Что, друзья моі,— нешчасце?

 

Колькі галасоў

Так, так, барынька, прапасці

Ні на грош усім нам трэба.

 

Прыстаў

Ну, ну! ласкаў Гасподзь з неба.

Цяпер толькі, мае брацці,

Ў пратакол усё спісаці —

Як і што — я мушу тутка.

 

Войчым маладога

Гэта пойдзе, барын, хутка.

 

Прыстаў

(садзячыся на падстаўленай яму лаўцы

і дастаючы торбу з паперамі)

Ну, кажыце, як было ўсё.

Мачыха маладой

Так пайшло, як пачалося...

 

Соцкі

Што ж, пішыце: ўсё згарэла,

Толькі воласць ацалела:

Двор памог уратаваці.

 

Прыстаў

(запісваючы)

А з людзей?

 

Голас з грамады

Дзіцё ў хаце,

Ну і мужа кабяціны

(паказваючы на вар'ятку)

Гэтай спёк агонь.

 

Прыстаў

Прычына?

 

Колькі галасоў

Падпаліў во гэты злодзей.

 

Мачыха маладой

Каб яму дна...

 

Прыстаў

Годзе, годзе!

 

Войчым маладога

Ўжо пад воласць...

 

Прыстаў

Як завецца?

 

Колькі галасоў

Сам.

 

Прыстаў

Пакуль што разбярэцца,

Трэба ўзяць яго пад стражу.

 

Колькі галасоў

Няхай добра суд накажа!

 

Прыстаў

Дзе бацькі?

 

Колькі галасоў

Ў такога звера...

 

Прыстаў

Ё ў мяне для іх папера.

 

Стары і старая

(падыходзячы к прыставу)

Гэта, барынька, мы будзем.

 

Прыстаў

Вота ж тут стаіць вам, людзі:

Даў на вашае прашэнне

Губарнатар разрашэнне

 

I праезд дзяшовы тожа:

Ў хадакі ісці сын можа

Выбіраць зямлю ў Сібіры.

 

Стары і старая

Дзякуй, барынька, вам шчыра.

 

Прыстаў

(складаючы торбу)

А цяпер бывайце жывы!

 

Колькі галасоў

І вам, барынька, шчасліва!

 

Прыстаў

(да стражнікаў, паказваючы на Сама)

Забіраць яго з сабою!

 

Стражнікі ўсцягваюць Сама за рукі з зямлі.

 

Колькі галасоў

(насмешліва гледзячы, як Сам,

устаючы, хістаецца)

Бач, на ножаньках не ўстоіць.

 

Сам

(стогнучы балесна)

Ратаваці бег з папару

Усіх чыста ад пажару...

 

Вядуць яго ўлева; за ім ззаду прыстаў і пагарэльцы. Астаюцца: уся вясельная дружына, войчым, мачыха, старыя, іх нявестка, падростак, вар’ятка і сляпая. Садзяцца: на зямлі — малады з маладой, абняўшыся; ля іх непадалёку — сват, маршалак, закоснік, дружкі, музыка, войчым і мачыха; стары — на лаве, звесіўшы галаву над сталом. Усе хмурыя, сумныя, некаторыя заплакаўшыся. Гул ад пажару заціх, толькі вецер шалясціць абтлеўшым лісцём грушы.

 

Старая

(валяючыся на зямлі,

як падкошаная,

услед выводжанаму Саму)

Сына роднага забралі!

 

Нявестка

(супакойвае заплаканае дзіцянё)

Над дзіцём не мелі жалю.

 

Сляпая

(сама да сябе)

Што тут творацца за дзівы!

Божа ты мой літасцівы.

 

Стогнуць, плачуць і рагочуць.

Што ім трэба, чаго хочуць?

 

Старац

(выйшаў незаметна і стаў ля грушы,

як стуль забіралі Сама.

Увесь абвешаны па-жабрачаму торбамі;

стаіць, апёршыся абедзвюма рукамі на кій.

Загаварыў глуха, панура і тады

толькі звярнуў на сябе ўвагу)

З грудзей вырві сваё сэрца,—

Зіму, лета сушы ў печы;

 

А як высахне, смалою

Злі жывою сэрца тое,—

 

Падпалі тады лучынкай,

Каб гарэла безупынку,

 

Як пажар гарэў сягоння,—

І ідзі ў свет, як з паходняй:

 

Праўды йдзі так з ім шукаці...

Ты не знойдзеш.

 

Дзяўчынка і хлопчык

(выбягаючы і чапляючыся за вар’ятку,

каторая ўсё снуе то сюды,

то туды з галавешкай у руках

і вянком на галаве)

Маці, маці!

Дзе наш тата, дзе наш тата?

 

Вар’ятка

Вон, ягнята, вон, шчанята!

 

Падростак

(сядзіць паводдаль на зямлі

і пачынае іграць, паглядаючы

на музыку)

Былі ў бацькі тры сыны...

Паволі апускаецца заслона

 

 

IV. У шынкоўні

Ноч. Зімой. Шынок у канцы горада; з левага боку дзверы; каля сцен расстаўлена восем столікаў; на сценах вісіць колькі лубачных малюнкаў; у кутку з левага боку вісіць абраз — перад ім цепліцца лямпа з алівай; па правым баку буфет і паліцы з бутэлькамі, за буфетам — шынкар; пасярод карчмы, пад сталяваннем, зачэплена вялікая лямпа; падлога ўся ў гразі і мокрая. Спачатку нікога няма, апрача шынкара і чатырох дзяўчын для паслугі, пасля пачынаюць сыходзіцца госці, выгляд маюць усе яны ўбогі, прыбіты, няшчасны. Ад трэцяга абразу прайшло колькі часу.

 

Шынкар

Гасцей як вымела мятлою,

Хоць і мароз такі сярдзіты,

Бывала, гэткаю парою

Шынок увесь бітком набіты;

 

Таргоўля йдзе — аж глянуць люба —

Паўкварты, кварты, дзе там сотка!

Цяпер жа ўсё ідзе на згубу —

Гніе закуска, сохне водка.

 

А ўсё, ўважаю, вы прычынай;

Гасцей не бавіце дарэчы;

Што ўперад вас былі дзяўчыны,

Пры тых не знаў такой пустэчы.

 

1-я дзяўчына

Э! Ваша, толькі наракаеш.

 

2-я дзяўчына

Забыўся, колькі было ўчора.

 

3-я дзяўчына

Яшчэ сягоння прычакаеш,

Хай толькі добра сцюжа змора.

 

4-я дзяўчына

(хмура)

Як мухаў рой на мухаморы,

Збягуцца, пляшкамі зазвоняць;

Пакуль ахвоту ўсю спагоняць,

Пасуду высушаць без гора,

Табе кішэнь, як бач, напоўняць.

 

Чуваць топат на ганку.

 

Дзяўчыны

(разам)

А вось і госць! Ці ж не казалі?

 

Уваходзяць двое.

1-ы

Што за мароз пячэ сягоння!

Як прыскам, вочы проста смаліць.

 

2-і

Ў казіны рог усіх загоне.

Садзяцца ля першага століка з левага боку.

 

1-ы

Ану, дзяўчынкі ці кабеты,

Хай там шынкар чаго падсуча.

 

2-і

А крэпкай так, як мароз гэты;

А як агонь — такой пякучай.

 

1-я дзяўчына

(бярэ з буфета дзве чаркі, паўквартоўку,

на каторую ўскладае на шыйку тры абаранкі

і падае гасцям)

Няхай жа добра вас падсмажа.

 

Уваходзяць двое.

 

1-ы

Што за пракляты сівер смажа,

Аж косці ў крук, як шчэпкі, верце!

 

2-і

Як воўк авечак, бярэ ў лапы.

Садзяцца ля другога століка.

 

1-ы

Што ж! Дайце нам таей сусветнай.

А толькі добра там адмерце.

 

2-і

Каб аж Люцыпар у праметнай

Развесіў, дзіўлячыся, ляпу.

 

2-я дзяўчына

(падаючы гарэлку, як 1-я)

І ў пекле лепшай не дастаці.

 

Уваходзяць двое.

 

1-ы

Гняце і давіць да зарэзу...

Душу у целе не стрымаці.

 

2-і

Не акуе так і жалеза.

 

Садзяцца ля трэцяга століка.

 

1-ы

Няхай жа, ваша, там удружа,—

Шынкар хай толькі знае дзела.

 

2-і

Каб аж трашчэлі усе путы,

Каб аж сама сталь затрашчэла.

 

3-я дзяўчына

(падаючы таксама, як 1-я)

Не знаю што — а трашчэць будзе.

 

Уваходзяць двое.

 

1-ы

Прост лёдам кроў сцялася ў жылах,

Зледавацелі цэглай грудзі.

 

2-і

Пячэ, як жаб агнём на вілах.

 

Садзяцца ля чацвёртага століка.

 

1-ы

Падай там нам! А каб хапіла,

Аж сівер каб не змог, як трутняў.

 

2-і

Каб так нутро ўсё растапіла,

Як топяць шкло у печы гутняй.

 

4-я дзяўчына

(падаючы, як і 1-я)

Хоць пад свой дом з такім падпалам.

 

Уваходзяць двое.

 

1-ы

Абвіўся гадзінай халоднай,

Упіўся ў шыю, як жыгалам.

 

2-і

Як ястраб птушку рве галодны.

 

Садзяцца за пяты столік.

 

1-ы

Гэй, гэй! жывей на стол прынаду —

Зальём атрутаю атруту.

 

2-і

А каб мацней была ад яду,—

Як смерць сама — так звіўнай, крутай.

 

1-я дзяўчына

(стаўляючы гарэлку)

Кагось ці штось, але атруціць.

 

Уваходзяць двое.

 

1-ы

Як перуном страляе ў сцены,

Кладзе нябожчыкаў ў бяспуцці.

 

2-і

Людзей з’ядае, як конь сена.

 

Садзяцца за шосты столік.

 

1-ы

Таей, што льецца зменнай хваляй,

Ў шалёным высвенцанай зеллі.

 

2-і

Каб аж нябожчыкі ўставалі,

Каб аж крыжы з магіл запелі.

 

2-я дзяўчына

(падаючы гарэлку)

Хтось запяе, хоць мо не ўстане.

 

Уваходзіць Сам — адзін.

 

Сам

На небе сонца зледаваціў,

Імглою зоры ўсе загаціў,

Зямлю патрэскаў на кургане.

(Садзіцца за сёмы столік.)

Не будзьце ж толькі скупы ў мерцы,—

А крэпкай так, як кроў жывая;

 

Каб так паліла ў цэлым сэрцы,

Як хата родная палае.

 

3-я дзяўчына

(падаючы гарэлку)

Крапчэй, як вар слязы сірочай,

А вагнісцей, як крыўды вочы.

 

У шынку ўсільваецца гоман; дзяўчаты ўвіваюцца, падаючы гасцям то гарэлку, то піва.

 

Пры 1-м століку

 

1-ы

(да 2-га)

Пі! Што глядзіш, як бы нясмела?

Пі, каб аж сэрца скрыгатала!

Каб аж душа, як дым, курэла

І дымам вочы засцілала.

 

2-і

(падымаючы з1-м чаркі)

За згубу лепшай, светлай долі,

За працвітанне чорных хвіляў,

За тых усіх, што мяне гналі,

Пакуль аж тут не утапілі!

 

Пры 2-м століку

 

1-ы

(да 2-га)

Сам галавы сваёй не вешай:

Табе яе другі павесе...

Пі, каб аж процьму ўсю усцешыў

І ў гэтай сам струпеў пацесе.

 

2-і

(падымаючы чарку)

За тыя плецены прылады,—

За тых, што точанаю сталяй

Былі ва ўсіх пуцях завадай,

Пакуль аж тут не прыкавалі!

 

Пры 3-м століку

 

1-ы

(да 2-га)

Што гнеш свой карк, як вол у плузе,

Зямлю капаючы нарогам?

Пі, як канюх расу на лузе,—

Ярмо ты знойдзеш за парогам.

 

2-і

(беручы чарку)

За тыя пухавы пасцелі,

За торпы, стогі аж пад неба,—

За тых усіх, што хлеб мой елі,

Пакуль мне тут не далі хлеба!

 

Пры 4-м століку

 

1-ы

(да 2-га)

Што круціш сумна галавою,

Як касцяломнаю машынай?

Пі, каб аж трэсла ўсім табою,

Як трасе вецер павуцінай.

 

2-і

(падымаючы чарку)

За тую комінную сажу,

За свіст гудкоў, за дым крывавы,—

За тых усіх, хто мяне пражыў,

Пакуль гарэць тут не заставіў!

 

Пры 5-м століку

 

1-ы

(да 2-га)

Што сеў, як мокрая варона?

Пі, як кроў смокчуць з тваіх косцяў!

Заліся гараю шалёнай,

Каб аж тапелец пазайздросціў.

 

2-і

(падымаючы чарку)

За тыя дзікія напасці,

За нашу брацкую нязгоду,

За тых, што след закрылі к шчасцю,

А паказалі сюды ходы!

 

Пры 6-м століку

 

1-ы

(да 2-га)

Не закладай рук, як бы ўсыпаў

У печ апошняе з аруда.

Пі, аж каб вылецелі скрыпы

З грудзей тваіх, як з кол па грудах.

 

2-і

(беручы з першым чарку)

За тыя збэшчаныя сілы,

Што самі, чэзнучы ў пракляцці,

Усе з нас высмакталі жылы

І сюды звабілі смактаці!

 

Уваходзяць тры дзяўчыны.

 

1-я

Пусціў на вуліцу уперад.

 

2-я

Людское ўсё здзёр, апаганіў.

 

1-я

Цяпер сюды прэ, як у нерат.

 

3-я

На славы, долі патаптанне.

 

Разыходзяцца і прысядаюць к гасцям.

 

1-я

(падсаджваючыся к Саму)

Ты што адзін так, небарака,

І чаркі, бачу, не чапаеш?

Са мною выпі, як са ўсякай,

І думай, што з дачкой гуляеш.

 

Сам

(падымаючы з дзяўчынай чарку)

За тых, хто родны край зніштожыў

І к цемрам вечным кладкі мосціць.

За тых...

 

Шынкар

(перапыняючы Сама)

А што на свеце божым

Чутно цікавенькага, госці?

 

Пры 1-м століку

 

1-ы

Што ж? Народ грэецца, як можа:

Агонь раскладвае усюды.

 

2-і

З кастры спляснеўшай і саломы...

І то ўсё грэюцца прыблуды.

 

Пры 2-м століку

 

1-ы

Масты старыя йдуць на зломы,

Старыя стаў паліць руіны.

 

2-і

Не збудаваўшы сабе новых —

Мець будзе духу, як з націны.

 

Пры 3-м століку

 

1-ы

Ўжо тлеюць вогнішчы у ровах,

Пяройдуць скора і на горы.

 

2-і

Пачаў падпал разводзіць знізу,

Каб сам прапасць лепш мог у норах.

 

Пры 4-м століку

 

1-ы

Стаў класці ўжо на вокны маты,

Ў куты кладзе абноскі рызаў.

 

2-і

К вакнам прыладжывае латы,

А дзверы насцеж раскрывае.

 

Пры 5-м століку

1-ы

А ўсё ж, і ў горадзе і то ўжо

Агонь на вуліцах палае.

 

2-і

І гінуць самі ў ім, як смоўжы,

Нагой сляпою растаптаны.

 

Пры 6-м століку

1-ы

Але ахвота змагаць сцюжу

Усіх з пасцелі прэ ад рана.

 

2-і

Ахвотай і надзеяй дужы,

На дзеле ж слабшыя ад мухаў.

 

Сам

Яшчэ бізун замала хухаў,

Замала пёк рабоў пакорных;

А ў думах выхаваны зморных,

Не знаюць, дзе пячэ, дзе студзіць.

 

Мнішка

(увайшла з двара і,

адбіўшы паклон у бок абраза,

абходзіць столікі)

На манастыр і на храм божы...

 

З 1-га століка

З-пад храмаў лепш ідзі у людзі

Палоці грады, жаці збожжа.

 

З 2-га століка

Лепш лён ідзі часаць і прасці,

Для голых шый лепш кашулёны.

 

З 3-г а століка

Нясла ж ты помач у няшчасці

Ў свае радзімыя староны?

 

З 4-г а століка

У муры чымся зашывацца,

Ідзі лепш к працы на прасторы.

 

З 5-г а століка

Не мур павінен храмам звацца,

А цэлы свет — зямелька, зоры.

 

З 6-г а століка

Дзяцей ідзі лепш гадаваці,

На бітву будучую сілы.

 

Сам

Йдзі сонца ўсходу выглядаці

Над сваіх прадзедаў магілай.

 

Уваходзіць фокуснік;

мнішка з нічым выходзіць.

 

Фокуснік

(дастаючы з-пад палы паперыну,

зложаную гармонікам,

і кланяючыся гасцям)

З вашай ласкі, сызвалення

Даць хачу вам прадстаўленне,

Каб вас лепш ахвота брала,

Лепш шынкоўня таргавала.

(Паказваючы.)

Вось кусочак вам паперы —

І не белы, і не шэры —

Ў сабе мае моц такую,—

Што захочаце, збудую.

 

Перш, во хата, як ёсць, хата,

Каля хаты — плот, як крата;

 

Мужычок сядзіць у хаце

І пляце сабе сам лапці.

 

А вось хорам, як ёсць, дворны —

Пабяляны і прасторны;

 

Хтось ля ганка стаў без шапкі

І цалуе пана ў лапкі.

 

Гэта фабрыка ўжо будзе,—

Вось закураны ў ёй людзі;

 

Ў неба з коміна дым валіць.

Як бы душ там гатавалі.

 

Во — шынкоўня, як і наша,

Так галубіць, як і страша;

 

Шынкарочак за буфетам:

Рад гасцям зімой і летам.

 

Суд — будынак, значыць, гэты,—

Кругом вострыя штахеты:

 

Засядаюць у ім суддзі —

Брушкі тоўсты, ў бляхах грудзі.

 

А во! гэты мур цагляны

Нашым братам збудаваны:

 

Ў вокнах краты, тоўсты сцены...

Ну,— астрог — наш хлеб штодзенны.

 

Тут сібірскія абшары:

Поле пусткай, неба — ў хмарах;

 

Сцюжа, лес сапуць пакутай,

Як бы звоны вечных путаў.

 

Тутка — могілкі шарамі

Між лазовымі кустамі,

 

Толькі крыжа штось не відна...

Знаць, яму тут стала стыдна.

 

А вось сельская зноў хата.

Каля хаты плот, як крата;

 

Мужычок сядзіць у хаце

І пляце сабе сам лапці.

 

Далей — тое ўсё, як казка...

А за працу мне што ласка:

 

З гурту — нітачка, другая,

А ўжо голы пятлю мае.

 

(Абыходзячы гасцей з шапкай.)

 

Будаваў без інжынера,

Без людзей і без сякеры.

 

Колькі галасоў

(кідаючы медзякі ў шапку,

пасля чаго фокуснік выходзіць з шынкоўні)

Што ж? нядрэнныя паперы.

 

Па выхадзе фокусніка Сам пачынае нехаця званіць пальцамі па ліры. Усе звяртаюць на яго ўвагу.

 

Колькі галасоў

А, лірнік! Што там шэпчаш звонам?!

Грымні, каб чутна ўсім было нам.

 

Сам

(кладучы ліру на каленях)

Канечна, мае голас ліра,

Бы толькі слухалі вы шчыра.

(Грае, манатонна напяваючы.)

 

Ходзіць сцежкай-пуцявінай

Ад хаціны да хаціны

 

Лірнік з лірай звонкаструннай,

Паглядаючы ў свет сумна.

 

Сонца потам палівае,

Ноч жудою спавівае,

 

Вецер світку рве і шчыпле,

Снег у вочы смоллю сыпле.

 

Сыпле ў вочы, як пасеі,

Бараду яго развеяў

 

На старонкі на абедзве —

Ён пляцецца ледзьве-ледзьве.

 

Плечы горб гняце пахіла,

Грудзі ўпалі, як магіла,

 

Чуць-чуць ходзяць ходам ногі

На дарогу, то з дарогі.

 

Ёмка ўжо трасуцца рукі:

Многа мелі, знаць, дакукі;

 

Толькі голас знае дзела —

Дабываюць грудзі смела.

 

Чуць ідзе, а звоніць з лірай

На старонкі на чатыры

 

І старой, і новай песняй

Так магуча, так балесне.

 

А калі ж к нам змілаванне

З дальняй далі прыйдзе, гляне?

 

Лад-парадак пазаводзіць,

Думкі песняй асалодзіць?

 

А калі ж к нам рыцар важны

Прыплыве Дунаем з княжнай?

 

Нас падыме, заахвоціць

К лепшай славе і рабоце?

 

А калі ж к нам прыйдуць весці,

Што пара усім засесці

 

На пачэсным на пасадзе

Ў роднай долі, ў роднай радзе?

 

А калі ж мы загуляем

За вялікім караваем,

 

Закалышамся каронай

Ля дубровы ля зялёнай?

 

А калі ж наклеплем косы

На чырвоныя на росы,

 

Што палеткі сушаць нашы,—

Хлеб людзям, а коням пашу?

 

А калі ж пясняр вялікі

Нашай песняй пусціць клікі

 

І гарой, і даліною,

Дрогне небам і зямлёю?

 

А калі ўсё гэта будзе?

Дзе схавана, дзе марудзіць?

 

Ходам ходзіць — не прыходзіць,

А, здаецца, клічам годзіць...

 

Клічам каняй на пагоду

Ад усходу да заходу,

 

Молім, сеем рэчкай слёзы

Ад марозаў да марозаў;

 

I нічога, а ўсё толькі

Паганяюць больку болькі,

 

Са старонкі левай, беднай

Маладзік страчаем бледны.

 

Ждуць пасеву горы, долы,

Нашы нівы, нашы сёлы,

 

Няма ж месца ад залома

Ані ў полі, ані дома,

 

Пакрывіла сцюжа хаты,

Пазмятала стрэхі з латаў —

 

Пазмятала, не спытала,

Ў чыстым полі пахавала.

 

З-пад глухога неба хмары

Кветкі губяць на папары,

 

Бор хістаюць векавечны,

Дуб кладуць далоў няўсечны.

 

Ўсё палошчуць і дрыгочуць;

Хоць бы йшлі ўжо — йсці не хочуць.

 

Хто прагоніць, хто ўбароне,

Крыжам ляжа на загоне?

 

За гарамі, за даламі

Дрэмле сонца наша з намі;

 

Ночка ходзіць, не адходзіць

І сляпой савой заводзіць.

 

Ад далёкіх, блізкіх ветраў

На жывых напала нетра,

 

На забранай сенажаці

Стогнуць дзеці, плача маці.

 

Ані знаку агняцветаў,

Праўды-маткі не шлюць свету

 

Жыватворнаю крыніцай

Ад граніцы да граніцы.

 

Лірнік Лазар ходзіць, плача,

І ніхто яго не бача.

 

Не прыходзіць змілаванне

З важнай весцю ў добрым стане.

 

Усе мімавольна паўтараюць апошнія дзве звароткі пад такт песні Сама. Пачынаецца напяванне без слоў, каторае паволі ўсільваецца ў нейкую жудка-сумную, прыдаўленую мелодыю, становіцца штораз ясней я чутнымі выразна словамі. Маўчыць толькі шынкар.

 

...Вырвалі шчасце, вырвалі вочы,

Думы паганяць няславай;

Сцежкі заслалі цемраю ночы,

Рыюць у процьму канавы.

 

Тутка мы п’яны, ах, п’яны

Вечным пракляццем сваім:

Гоячы вечныя раны,

Новыя раны тварым.

 

*

Вышай ці ніжай — цемра-пацёмкі:

Ўсходу паходні не знаці.

Продкі — ў магіле, ў путах — патомкі,

З намі, прад намі — бясхацце.

 

Тут п’яны мы, як сляпыя,

Слёзы з атрутаю п’ём,

Помнячы петлі старыя,

Новыя путы куём.

 

*

Рукі ў аковах, душы ў балоце,

Зверства спраўляе каляды;

Свіст гругановы целам калоце,

Гадзіны сыкаюць здрадай...

 

Тутка мы п’ём, не марудзім,

Вечнай адданы кляцьбе:

Даўніх праступкаў забудзем,

К новым пад’юдзім сябе.

 

*

Хто лепш ярмом нас здавіць, прыцісне —

Б’ём таму ніжай паклоны,

І ненавідзім так бескарысне,

Як бескарысны усе нашы плёны.

 

Тутка мы п’яны, ах, п’яны...

Як сэрца ядам змяі.

Тут, там нам праўда не знана —

Хто мы: звярмі ці людзьмі?

 

Уваходзіць малады стражнік; шынкар паказвае яму месца пры 8-м, апошнім століку каля самага буфета. Песня зноў пераходзіць у нямы — без слоў — гул. Скора за стражнікам уваходзяць два музыкі — адзін са скрыпкай, другі з гармонікам; як увайшлі, усе перасталі пець.

 

Колькі гасцей

(разам)

Ціха! ўжо прыйшлі музыкі.

 

Музыкі садзяцца па левай старане ля дзвярэй і зводзяць скрыпку з гармонікам.

 

З 1-га століка

Як добра, што шынкар паклікаў...

Зайграйце, толькі ж не фальшыва —

Як суддзі, купленыя меддзю.

 

З 2-г а століка

Няхай маланкай смык паедзе,

А так свістуча, так ігрыва,

Як куля, пушчаная ў птушку.

 

З 3-г а століка

Як аплявухі, рэжце звонам;

Гудзі гармошкай, як кадушкай,

Як бізуном гудзе аконам.

 

З 4-г а століка

Скрыпніце й скрыпкай, і гармошкай,

А так піскуча, так прымерне,

Як тыя ў фабрыках шасцерні.

 

З 5-г а століка

Звініце, йграйце п’яна-звонка,

Як шклянкі гэтыя і пляшкі,

Каб аж забегалі мурашкі.

 

З 6-г а століка

Звініце, як ноч гэта звоніць,—

Як на змазоленай далоні

Звініць апошняя капейка.

 

Сам

Я чуў шмат лет таму жалейку...

 

Музыкі, глушачы далейшыя словы Сама, пачынаюць іграць «Ой-ра, ой-ра»; некаторыя з гасцей выкручваюць п’яна ў такт ігры за столікамі нагамі. Усе гамоняць і ў нос падпяваюць музыкам.

 

Сам

(як музыкі перарвалі ігру)

А каб цяпер — «Волны Дунаю»...

Дунай я часта ўспамінаю.

 

Іграюць «Волны Дуная»; усе ім падцягваюць; пасля — як падніманыя з месца невядомай сілай — пачынаюць у пары з дзяўчынай круціцца; выгляд кожная пара мае ненатуральны — паўдзікі, пануры, рэшта — па адным пры кожным століку — сядзяць і глуха падпяваюць музыкам. Сам такжа круціцца; стражнік сядзіць. Па колькі мінутах адчыняюцца ў шынку дзверы і два мужчыны ўцягваюць замёрзшую скасцянеўшую кабету; усе, не дагледзеўшы гэтага, час нейкі яшчэ круцяцца.

 

Шынкар

(такжа не заўважыўшы спачатку)

Што гэта? Што? Святы Бог з вамі!

Скуль вы з такою падарожнай?

 

1-ы мужчына

(музыка і гульня ціхне)

Замерзла тутка пад вакнамі,

Яшчэ к жыццю вярнуці можна.

 

2-і мужчына

Мы йшлі сюды шукаць начлегу —

Глядзім—ляжыць, як корч, кабета.

 

Шынкар

Нясіце снегу! Жывей снегу!

Снег памагае ў разах гэтых.

 

Нехта з гасцей

Так, як нябожчыку палонка.

 

Усе абступаюцца каля замёрзшай і ўглядаюцца.

 

Стражнік

(адскакваючы, як бы спужаўшыся)

Моя мамаша...

 

Сам

(валячыся на калені над замёрзшай)

Мая жонка...

 

Заслона

 


08.08.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 7. Драм. паэмы і п'есы. - Мн., Маст. літ., 2001. - 399 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан