epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сон

Заглянь, сынок, у соннік,

Сон мела я пусты:

Прысніўся мне сасоннік

Такі густы-густы.

 

Па ім ішла я ўночы.

За мною зводы йшлі,

І зазіралі ў вочы,

І ціснулі к зямлі.

 

Шапталі штось над вухам,

Спляталі плот з імгліц,

Абхутывалі пухам

Сасонічых ігліц.

 

Вадзілі па канавах,

Заломах, бадылях,

Па хворастах крывавых,

Распаленых вуглях.

 

Далей вялі адтуля

Між пнёў гнілых, кам’я,

Дзе спіць твая бабуля,

Дзе маці спіць мая.

 

Кіўнулі на абліплы

Спляснеўшым мохам крыж,

Захіхаталі сіпла

І счэзлі недзе ўзвыш.

 

За імі і сасоннік

Захіхатаў глухі.

Дык глянь, сынок, у соннік,

Што значыць сон такі?

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан