epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сонечнаму Шата Руставелі

Грузінка, і сонца, і снежныя горы,

Віно вінаграднае, месяц і зоры,

Шчаслівыя сонечна саклі, аулы...

О, колькі прастору для думкі для чулай!

 

У скалы мёд зносяць руплівыя пчолы,

Чабан грае песню на зурне вясёлай.

О, слаўная Грузія, Эльбрус герояў,

Як соладка жыці, спяваці з табою!

 

Тут казка і праўда жыве з Руставелем

У кожнае сакле, у кожным ушчэллі,

Арол недасяжны, мядзведзь неапеты

І барс быстраногі нам сведчаць аб гэтым.

 

Народ гераічны скрозь горы, даліны

Стагоддзямі з сэрцам радзімай краіны

Да нашага часу, да сталінскай славы

Данёс Руставелевы думы і справы.

 

Стагоддзі мінулі, йсці будуць стагоддзі,

А ў гордым, свабодным грузінскім народзе

Для песень, для шчасця, хвалюючы грудзі,

Як быў Руставелі, так вечна жыць будзе.

 

Каўказскія казкі, як ласка дзявоча,

Далёка, прывабна, скрозь сонца, скрозь ночы,

Разносяць па свеце людскія прыселлі

І думы, і сказы, што даў Руставелі.

 

Грузінка, і сонца, і снежныя горы,

Віно вінаграднае, месяц і зоры,

Шчаслівыя сонечна саклі, аулы...

О, колькі прастору для думкі для чулай!

 

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан