epub
 
падключыць
слоўнікі
 

Янка Купала

Спадчына

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

 

Аб ёй мне баюць казкі-сны

Вясеннія праталіны,

І лесу шэлест верасны,

І ў полі дуб апалены.

 

Аб ёй мне будзіць успамін

На ліпе бусел клёкатам

І той стары амшалы тын,

Што лёг ля вёсак покатам;

 

І тое нуднае ягнят

Бляянне-зоў на пасьбішчы,

І крык вароніных грамад

На могілкавым кладзьбішчы.

 

І ў белы дзень, і ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,

Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,

Ці трутнем ён не з’едзены.

 

Нашу яго ў жывой душы,

Як вечны светач-полымя,

Што сярод цемры і глушы

Мне свеціць між вандоламі.

 

Жыве з ім дум маіх сям’я

І сніць з ім сны нязводныя...

Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан