epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Спроба актавы

Удар, душа, удар ты, сэрца,

Па струнах думак-весялух!

Збудзіце ўспаны ў паняверцы

Жыцця змянлівага мой дух.

Хай думкі лягуць на паперцы

І цешаць братні погляд, слух,

Народу прыйдзе хай пара

Успомніць часам песняра!

 

Да шчасця нам так мала трэба —

Прывецік добры з стараны,

І ўжо мы чуць аж не пад небам —

Ужо смяемся, роім сны!

І вы, барцы за кусок хлеба,

Што ўцех не знаеце вясны,

Прыкмецце, што душы за йгра,

Прыкмецце словы песняра!

 

Мы плачам, змучаныя доляй,

Над хмарай толькі сваіх бед,

Пясняр жа зрэнкаю саколяй

Ўвесь аблятае белы свет,

І за ўсіх выцерпіць найболей,

І звяне, як той ўвосень цвет.

А мелі ж ласку брат, сястра

Над гэтай мукай песняра?

 

Мяшку, набітаму рублямі,

Б’е кожны нізенькі паклон,

Хоць бы зладзейскімі рукамі

Быў напаўняны з крыўдаў ён...

Хто ж бедных бача паміж намі,

Хто чуў няшчасця плач і стогн?

Хто, хоць пачуці ўжо пара,

Паслухаў песню песняра?!

 

Стаіць палац высокі, белы,

Збудован роўна, ўсё пад шнур,—

Жывуць жа тыя ў ім, што ўмелай

Рукою ўзнеслі гэты мур?

О, не! Іх доля акалела,

Ад жыцця зменных гінуць бур.

Як слуг, праводная зара

Вядзе таксама песняра.

 

Ўсё сходзіць з свету доўга-скора,

Нішто не вечна на зямлі,

Хоць чалавечы слёзы, гора

Заўсёды вечнымі былі.

Памрэ пясняр,— хоць так пеў ўчора,—

Дружкі паплакаць, бач, прыйшлі...

Людцы, смяяцца не пара

Хоць над магілай песняра!

1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com