epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Што мы бачым на вуліцы

Вот жаўнерыкі ідуць,

Вот ідуць, ідуць,

Стрэльбы на плячах нясуць,

Вот нясуць, нясуць.

 

Тра-та-та, тра-та-та,

Тра-та-та, та-та-та-та,

Тра-та-та, та-та-та-та,

Тра-та-та, та-та!

 

Яздок едзе на кані,

На кані, на кані,

Ён трымае біч даўгі,

Біч даўгі, даўгі.

 

Гіпі-гоп, гіпі-гоп,

Гіпі-гіпі, гіпі-гоп,

Гіпі-гоп, гіпі-гоп,

Гіпі-гіпі-гоп!

 

Паляўнічы ў лес ідзе,

Ён ідзе, ідзе,

Хутка зайчыка заб’е!

Ён заб’е, заб’е!

Піф-піф-паф і г. д.

 

Дворнік вуліцу мяце,

Ён мяце, мяце,

Громка песенькі пяе,

Ён пяе, пяе.

Ой, люлі, ой, люлі і г. д.

 

Ён тапор сабе прыдбаў,

Ён прыдбаў, прыдбаў,

Многа дроў ён нарубаў,

Дроў ён нарубаў.

Хрась, хрась і г. д.

 

Ночкай дом вартуе ён,

Дом вартуе ён

І ў трашчотку б’е, бы ў звон.

Як у звон, як у звон.

Тук, тук і г. д.

 

З крамы дзеўчына прыйшла,

Вот прыйшла, прыйшла,

Курам корму прынясла,

Корму прынясла.

Ціп, ціп і г. д.

 

[1920-1925]


[1920-1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан