epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Страх

У страха вочы вялікі.

Да пары жбан ваду носіць.

(Прыказкі)

 

 

Ці з ласкі, ці з няласкі Боскай,

Не нашым гэта судзіць зданнем,—

Стаяла вёска бліз Лагойска

З сваёй нудой і нараканнем.

А ў ёй жыў Юрка Данілёнак,

Як нарадзіўся — ад пялёнак.

 

Быў Юрка чалавек нядрэнны,

Адно быў трохі пустамеля:

Аж так і трэскаюцца сцены,

Як расхлюсціцца мала-веле;

Не раз ён з толку сам саб’ецца,

Ці праўду рэжа, ці смяецца.

 

А як крыху ён быў падпіўшы,

Свае тады не пазнавалі:

І ў поўнач з папраці расцвіўшай

Зрывае кветку на Купалле,

І на Узвіжанне з звярамі

Гуляе ноч, як з сваякамі.

 

Няма яму ніякіх страхаў:

Шаптун, вядзьмак прад ім хавайся!

Самога чорта нёс пад пахай,

З самою ведзьмай цалаваўся!

Такі ўжо Юрка Данілёнак,

Як нарадзіўся — ад пялёнак.

 

Але на нашым зменным свеце

Няма, бач, сталага нічога,

І салаўём падчас запеці

Ваўка прымусяць беспутнога,—

Так наш і Юрка, як ніколі,

Змяніўся з часам паняволі.

 

Было, як помню, гэта самай

Перад Вадохрышчам куццёю.

Вячэру з’еўшы, да Адама

Сышліся ўсе мы грамадою —

От, пры лучыне ў цёплай хатцы

Паваражыць, пазабаўляцца.

 

Былі старыя і малыя,

Падросткі, хлопцы і дзяўчаты;

Крычаць адны, смяюцца тыя,

Аж так і рвецца гоман з хаты!

І Юрка тут, і па-сваёму

Прагаварыць не дасць нікому.

 

Я слухаў, слухаў, ды цярпення

Не стала слухаць перахвалкаў!

Слоў колькі, выйшаўшы у сені,

Шапнуў Лявону і Міхалку;

Пагаварыўшы, зноў прыходзім

І гутарку няўзнак заводзім:

 

— Хто (тут я к Юрку вокам кінуў)

Адважны з вас такой парою

Ў манеж схадзіць, набраць мякіны

І к нам сюды вярнуцца з ёю,—

Хаця і поўнач ужо пэўне

І першыя не пелі пеўні?—

 

Тут хлопцы жыва падхапілі:

«Вось Юрка нам дакажа славы!

Ці ж ён бы страху не асіліў?

О, ён для дружбы, для забавы

І ў пекла, калі трэба, сходзе,—

Адважным гэта смех, і годзе!..»

 

Наш Юрка, хоцькі ці не хоцькі,

Не рад з свайго ўжо выхваляння;

Папхнуўся ў ток той сярод ночкі,

А з ім наш смех і наруганне.

Аж вось, праз нейкіх мінут дваццаць,

Мы чуем: «Гвалт! ратуйце, братцы!»

 

На двор мы выбеглі ўсе гурмам.

Ляціць наш Юрка, як здань, белы,

У сенцы, ў дзверы валіць штурмам,

Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы;

Убег у хату, дух не змене,

Як бы у чортавай быў жмені.

 

Мы ўсе яго давай у хаце

Прыводзіць к ладу і спакою,

Давай смяліць, давай пытаці:

— Што, гавары, было з табою?—

Той, страх змагаючы авечы,

Пляце няствораныя рэчы:

 

— О, Езу! Божа мой вялікі,—

Ён так расказ пераплятае.

— Я чуў няземскія там крыкі,

Была там сіла незямная!

З усякім страхам я пазнаўся,

А з гэткім век не спатыкаўся!..

 

Іду ў манеж я той Рыгораў,

Прыйшоў і мацаю у куце,

І думаю сабе ўжо скора

Да вас з мякінаю вярнуці;

Аж калі хапну я за нешта —

І сіл маіх прапала рэшта!..

 

Згубіў і памяць, і адвагу,

Дрыжу, хістаюся, як колас,

І не магу, і даў бы цягу,

А тут — бух! нейкі страшны голас:

Ні чалавечы, ні сабачы,—

Люцыпар з пекла не іначай!

 

Сабраў я тут астаткі сілы

Ды як нагамі не задыдню!

Хоць бы схавацца да магілы,

Але ўцячы ад гэтай злыдні!

І прыляцеў к вам гэтак, брацці,

Вы ж прэце чорта выганяці! —

 

І ўсім не па сабе нам стала:

Мурашкі бегаюць па целе,—

А што, як праўды тут нямала

І ўбіўся чорт на самым дзеле?

Але ўсе надрабляем мінай

І ў ток збіраемся з лучынай.

 

Ідзём. І Юрка дрыпе ззаду.

Прыйшлі. З увагай, як належа,

Давай шукаць пужалу, здраду

Па ўсіх вуглах, кутках манежа.

Аж бач — у куце, у мякіне,

Ляжыць свіння, як усе свінні!!!

 

Усе ў рогат! кпінкі і прытыкі

Пайшлі у ход на ўсе староны:

«Зух Юрка! Чорт жыў і вялікі!»

«Ці не пагнаць вадой свянцонай?»

А Юрка... Юрка з пустамелі

Стаў з часам смелым і на дзеле.

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан