epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Страшны вір

Ёсць месца, дзе ў поўнач над рэчкай,

Пакуль йшчэ пявун не пяе,

Выходзе здань дзіўная з віру

І творыць варожбы свае.

 

Таемныя знакі рукамі

На ўсход і на захад кладзе,

Як быццам каго заклінае

Ці песню на мігі вядзе.

 

Сцюдзёная льецца вадзіца

Па целе з распушчаных кос,

А вочы блішчаць, як дзве зоры,

А вочы глядзяць да нябёс.

 

І рыцар у тую часіну

На белым агністым кані

Над вірам з’яўляецца знекуль

Ці проста выходзіць з зямлі.

 

З каня свайго злазіць і к здані

Падходзіць, галубіць яе,

У мокрыя косы цалуе,

Яна ж толькі нема пяе.

 

Хто ў час той заблудзіць тудою,—

Спужаецца сам, задрыжыць,

І здань ад яго уцякае,

У віравы сховы бяжыць.

 

А рыцар маланкай садзіцца

На быстрага свога каня

І нікне у цемры паўночнай,

А з ім — і трывога уся.

 

Шмат чутак аб віры і зданнях

Чуваць у народзе здаўна;

Што праўда, няпраўда — не знаю...

Мне ўспомнілась чутка адна.

 

Былі сабе ў бацькі тры дочкі,

Як кветкі, прыгожы былі,

А меншая ўсіх прыгажэйша,

Другой не знайсці на зямлі.

 

Жылі і нядолі не зналі —

Свабодна, як рыбкі ў вадзе,

А толькі малодшай паціху

Зайздросцілі старшыя дзве.

 

Раз неяк тудою князь ехаў,

Што бітвамі славу прыдбаў;

Заехаў да іх на папаску,

Заехаў — і іх спадабаў.

 

Адну з трох за жонку ўзяць хоча,

Катору — не знае і сам,

І князя яны спадабалі...

Ручыць, як то кажуць, князям.

 

Вось ён ім і кажа загадку,

Работу такую дае:

Вазьму я з вас тую за жонку,

Каторая лепей спяе.

 

Запелі дзве старшыя князю,

Запелі, як той салавей;

Запела малодшая князю,

Запела ад тых прыгажэй.

 

І меншую выбраў за жонку,

Чакаці ёй кажа сватоў;

Сам ладзіцца едзе к вяселлю,

Склікаці гасцей і дружкоў.

 

А старшыя думаюць сёстры,

Як звесці малодшу сястру,—

Атрутай няшчасную пояць

І кідаюць цела ў віру.

 

Як страшнае скончылі дзела,

Напаў і на іх саміх страх:

Адна паляцела на захад,

Другая на ўсход знайшла шлях.

 

Князь едзе з дружынай у сваты

І з скарбамі княства свайго...

Находзіць маркотнага бацьку,—

Дачок не знаходзіць яго.

 

Дружыну сваю князь кідае,

Пушчаецца ў свет сам адзін

Шукаці сваёй наймілейшай,

Шукаць да апошніх часін.

 

За годамі годы плятуцца...

Што далей, не знаю, было,

Адну толькі чутку аб віры

Сказаць вам на памяць прыйшло.

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан