epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Суд ідзе

Браніславу Тарашкевічу

 

«О, смерць вам, панове, ксёнжэнта, магнаці,

За нашен неволен, кайданы!..»

Нядоўга, паны, ужо вам панаваці

Над краем, праз вас катаваным.

 

Гібелі калісь вашы ў турмах пад царам

Паўстанцы, Славацкі, Міцкевіч —

Сягоння пад Польшчай нявіннай ахвярай

Гібее ў турме Тарашкевіч.

 

Не вам, царадворцам, чыніці расправу

Над тым, хто змагаўся за долю,

Засудзіць саміх вас народ неўзабаве,

Каб вашай не ведаць няволі.

 

Вам страшна было за сваё панаванне

Грамады рабоча-сялянскай,

І мсціце, і мсціце усім да сканання,

Хто ласкі не хоча знаць панскай.

 

Хаўтурныя вашы званы зыгмунтовы

Пакінуць граць вісельням песні,

Ўстае з-пад ярма чалавек ужо новы,

Ідзе грозных бураў прадвесне.

 

І вашыя катаргі, вісельні, турмы

Саміх жа вас песціці будуць;

Ўжо граюць прызыўныя гулкія сурмы

На бітву супроць вас, прыблудаў.

 

Ідзе, набліжаецца помста народа

І вас, і суды вашы нішчыць,

Ідуць з сутарэнняў, з хат курных, з заводаў,

Каб волю здабыць, узвялічыць.

 

Так вам, дармаедам, распасвеным сыта

Працоўных крывёю і працай,

Магіла-грабніца навосцеж адкрыта,

І вам ад яе не схавацца.

 

*

Гібелі калісь вашы ў турмах пад царам

Паўстанцы, Славацкі, Міцкевіч —

Сягоння пад Польшчай нявіннай ахвярай

Гібее ў турме Тарашкевіч.

 

Нясіце ж, панове, нявольніцтва далей,

Вітае вас цень Мураўёва...

Калісьці ў Галіцыі вас пілавалі,

Цяпер папілуюць нанова.

 

Судзіце суды мураўёўскім законам

Над людам, загнаным у краты,

А выдасць прысуд свой суддзя у чырвоным

На вас на саміх, цараняты.

 

Паходня з Усходу асвеціць дарогі,

Шляхі за слупамі з арламі,

Даможыцца праўда сваёй перамогі

Над белым арлом і над вамі.

 

Пра вас не забудзе, паны, БССР

І песні пакіне краіне,

Як мучыце нашых братоў вы цяпер,

Як ваша ўладарства загіне.

 

*

Зашуміць, загудзіць

Завіруха,

Толькі думай, толькі ведай,

Толькі слухай.

 

Мы будуем, мы пускаем

Фабрыкі, заводы,

Поле трактар засявае,

Садзім агароды.

 

Да нас госці ў госці едуць

З усёй кулі земскай,

І ўсе бачаць, што жывецца

Нам зусім някепска.

 

Мы будуем, з будаўніцтва

Робім сабе свята...

А там толькі, ў Польшчы толькі

Ўсё купляюць катаў.

 

А здаецца ж кат на кату

Ясне-паны селі

І катуюць ад нядзелі

Да новай нядзелі.

 

Над аграбленай краінай

Звісла ночай хмара,

А паны ўсё разважаюць

Аб дыме пажараў.

 

Пойдуць, пойдуць незадоўга

Вашыя палацы,

Ды з такім пажарам-дымам,

Толькі дзівавацца!

 

Ні жандары, ні салдаты,

Вашыя не ўстояць,

Як працоўныя грамады

Зрухнуцца да бою.

 

Банкятуй сабе, Варшава,

Банкятуй крывава,

Хай ліецца акавіта

З крывёю на славу!

 

Бельведэр дачэсны доўга

Панаваць не будзе —

У папелішча абернуць

Паўстаўшыя людзі.

 

Зашуміць, загудзіць

Завіруха,

Толькі думай, толькі ведай,

Толькі слухай.

 

*

«О, смерць вам, панове, ксёнжэнта, магнаці,

За нашен неволен, кайданы!..»

Нядоўга, паны, ужо вам панаваці

Над краем, праз вас катаваным.

 

Гібелі калісь вашы ў турмах пад царам

Паўстанцы, Славацкі, Міцкевіч —

Сягоння пад Польшчай нявіннай ахвярай

Гібее ў турме Тарашкевіч.

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан