epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

«Шуман»

(З віленскіх абразоў)

Ці то летам, ці зімою

Сып да «Шумана», друг мой! —

Там расстанецца з нудою,

Хто з кішэняй непустой.

«Шуман» — Вільні кроў і косць,

Быў і будзе, як і ёсць.

 

Рэжа музыка ахвоча,

Песні, гоман — заадно,

Страва, карты, хто што хоча,

Льецца рэчкаю віно.

«Шуман» — Вільні кроў і косць,

Быў і будзе, як і ёсць.

 

Там сабой таргуюць дзеўкі.

Бацька, сын купляе іх;

Там хватаныя капейкі

Пераводзяцца уміг.

«Шуман» — Вільні кроў і косць,

Быў і будзе, як і ёсць.

 

Цешся, горад! Што там знача

Вёска з голадам, з бядой?

Хтось там стогне, хтось там плача —

Плюй, махай на ўсё рукой!

«Шуман» — Вільні кроў і косць,

Быў і будзе, як і ёсць.

 

Хто ў казіны рог не з’ехаў,

Хто з сумленнем — справу знай:

Гэй, да «Шумана» на ўцеху —

Ўтапіць долю, славу, край!

«Шуман» — Вільні кроў і косць,

Быў і будзе, як і ёсць.

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан