epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Шуміць шумненька гаёк

Шуміць шумненька гаёк,

Галейкам махае;

Любі мяне, дзецючок,

Бо я маладая.

 

Я прыгожая дзяўчына,

Ніхто не зжахнецца,

Твар чырвоны, як маліна,

Сэрца б’ецца, б’ецца.

 

Сэрца б’ецца, любіць хоча,

Сэрца жджэ другога,—

Не магу я спаці ночай,

Як з жалю якога.

 

Ўсё к падушачцы тулюся,

К грудзям прыціскаю,

То смучуся, то смяюся,

То кагось чакаю.

 

Ой, чакаю, што ж марудзіш,

Дзецючок, са мною?

Прыйдзі толькі — шчасліў будзеш

З дзеўкай маладою.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан