epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі

Dubia

Там, дзе Прыпяць-рака па пяску гоніць воды

Сярод багнаў і пушчаў палескіх;

Там Баболя Святы душам нёс асалоду,

Жыў, вучыў веры Божай, нябескай.

 

Зрокся панскіх дастаткаў, уцехі і славы,

Неба тайнага кліку паслухаў;

Пасвяціўся на службу за Божую справу,

Ў сэрцы маючы Божага Духа.

 

І вясковую, ўбогую, цёмную хату

Палюбіў з яе горам, нудою,

З добрым словам, з пацехай спяшаўся да брата,

Ўсім атуху прыносіў з сабою.

 

Ні яму маразы на дарозе стаялі,

Ні яго адстрашалі грымоты,

З Божым Дарам усюдах яго спатыкалі,

Як ішоў, як нёс свет у цямноты.

 

Ў Беларусі ў той час войны, бітвы кіпелі:

Край чужынцы напалі, змагалі,

Як маглі, ні малых, ні старых не жалелі,

Што нажу, што агню аддавалі.

 

Не мінула і Піншчыны гэта няшчасце:

Банды ворагаў суд свой тварылі,

Здрайцы ў помач к ім шлі, каб самім не прапасці,

І магілы братам сваім рылі.

 

Хто свае кідаў хаты і ў пушчы хаваўся,

Хто ратунку ў чужым краю шукаў,

А Баболя на службе сваей аставаўся

Сярод гэтых пажараў і мукаў.

 

З верай шчырай у справу рэліг’і святую

Пацяшае, наўчае, дзе можа,

Покі вораг і гэту душу залатую

Не парваўся змагчы і зніштожыць.

 

Здрайца мейсца ўсказаў, дзе Святы навучае...

З дзікім гікам злавілі Баболю,

А той іх Божым словам вітае

І сябе аддае Божай волі.

 

На сваю на ахвяру, як звер згаладалы,

Навалілась казачая шайка,

І аддалі мучэнню, як сіл ім ставала

Секлі, рэзалі шабляй, нагайкай.

 

Прывалокшы Святога Андрэя ў Янова,

На разнічым стале палажылі,

Пачалі катаваці па-свойму нанова —

Цела рэзалі, косці крышылі.

 

Абрэзалі і губы, і вушы, і пальцы,

Пачапілі вяроўкаю к столі,

Заганялі цвікі, азвярэўшы, паганцы,

Аж дух к Богу ўзнёсся Баболі.

 

З той пары лет без ліку няпамяць скасіла,

Многа лет, многа зім прамінула,

Не адна ўзышла пры магіле магіла,

Шмат чаго ў небыццё патанула.

 

Толькі хвала не ўмёрла Андрэя Баболі:

Даў Бог сілу яму тварыць цуды,

А іх сведка — народ не забыўся ніколі,

Ўзносе модлы к Святому паўсюды.

 

Песні, казкі растуць і растуць з кожным годам

Аб замучаным страшна Андрэю,

Хвала шырыцца скрозь ад народу к народу,

Дух Святога цуднее, яснее...

 

Будзь жа, будзь ты, Баболя, заступнікам нашым

Перад Ствурцам Нябесным Прадвечным,

І люд свой, што любіў так, хоць вораг і страшыў,

У апецы і ласцы мей вечна.

 

Выпрась долю яму і прыхільнасць у Бога,

Спор у хаце, уражайнасць у полі,

Павядзі к яснай славе шчаслівай дарогай

Беларусь з паніжэння, з няволі.

 

Дай нам гарт, моц і сілу няпраўду здалеці,

Дай нам светач развідніваць ночы

І прымерам будзь нам, як павінны глядзеці

Смела гору і ворагу ў вочы.

 

* * *

Заліваючы ценямі

Небагатыя паляны,

Ціха плаваюць туманы

Над палескімі палямі.

 

А над імі з Божай Волі,

У нябеснай сіняй далі,

У ясным сонечным крыштале

Дух уносіцца Баболі.

 

Сплёўшы трон яму на крыллях

Пад нябеснаю купеляй,

Беласнежныя анэлі

Ўкруг Святога акружылі,

 

І пяюць яму там гімны,

Славяць Мучаніка імя

Галасамі залатымі,

Галасамі ласкі дзіўнай.

 

Да зямелькі да пакутнай

Далятае гэты голас,

А душа, як польны колас,

Ловіць песні штомінутна.

 

Думка сцежкаю знаёмай,

Жыццявыя змогшы бітвы,

З верай шчырай і малітвай

Зважна коціцца к Святому.

 

А скрываючы ценямі

Небагатыя паляны,

Ціха плаваюць туманы

Над палескімі палямі.

 

[1910]




Беларуская Палічка: http://knihi.com