epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сын і маці

Сын

 

— Мамка, мамка, нам сягоння

Гаманілі ў школе

Аб якойсьці Беларусі,

Што жыве на волі.

 

Хоць я слухаў вельмі шчыра

(Не люблю іначай),

Ды ніяк не мог уцяміць,

Што ўсё гэта знача.

 

Маці

 

— А вось тое, мае дзеткі,

Глянь-зірні наўкола:

Бачыш гэтыя сялібы,

Хаткі нашых сёлаў;

 

Гэта поле — шнур ля шнура —

Ўзгоркі і лагчынкі,

На узмежку грушу-дзічку,

Крыж каля пуцінкі?

 

Бачыш логі, сенажаці,

А на іх — крыніцы,

Далей — бор зялёны, гонкі,

Што увысь глядзіцца?

 

А там далей, дзе ўжо вока

Дасягнуць не можа,

Тое самае пабачыш,—

А ўсё так прыгожа!

 

Сотні вёсак і мястэчак,

Гарадоў нямала,

Рэк бурлівых, пушч гамонкіх

З неапетай хвалай.

 

Там плывуць Дняпро і Сожа

Ды Дзвіна і Нёман,

Белавежы, Налібокаў

Там чуваці гоман.

 

Гарады — Мінск, Віцебск, Вільня,

Магілёў, Гародня

І Смаленск з сцяной цаглянай

Разляглі выгодне.

 

Аб вялікай нашай славе

Сведчаць на свет цэлы,—

Як жылі мы, панавалі

Ў родным краі смела.

 

Во ўсё гэта, мае дзеткі,

Ад межаў да межаў

Беларусяю завецца

Й да цябе належа.

 

Сын

 

— А! Ужо сцяміў! Дык багат я,

Меўшы столькі цудаў:

Гэткім чынам я ніколі

Служкаю не буду.

 

Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,

Бо я не разважыў:

Што такое беларусы,

Як настаўнік кажа?

 

Маці

 

— Ах, які ты йшчэ дурненькі,

Каб не скеміць гэта!

Ну, паслухай: усе людзі,

Што ад лета ў лета,

 

Ад пакон вякоў жылі тут

І жывуць сягоння,

Носяць світкі, носяць лапці

Ды былі ў прыгоне,

 

Ўсе — і ты, і я, суседзі,

Хто, па-твойму, прусы?

Дык жа ўцям: на Беларусі

Жывуць беларусы!

 

Ды яшчэ, каб лепей ведаў,

Мушу табе ўспомніць:

Беларусы беларускай

Гутаркай гамоняць.

 

Сын

 

— Вось яно што! Праўда, мамка,

Ўжо сабе ўтлумачыў:

Беларус я! Ох, дам пытлю,

Хто скажа іначай.

 

Ну, але яшчэ не ўсё тут

Ясным мне здаецца:

Што такое беларускай

Гутаркай завецца?

 

Маці

— Ой, дурненькая варона,

Што з табой чыніці!

Як жа йначай беларусы

Могуць гаманіці?

 

Як жа мы з табой гуторым

Вось у гэту хвілю?

Як жа я пяю над зыбкай

Для малой Марылі?

 

Ды паслухай, як на вёсцы

Кажа дзядзька, цётка;

Як пяюць улетку жнеі

За сваёй работкай;

 

Як бабуля баіць казкі

Аб нядолі-долі;

Як начлежнікі спяваюць

На начлезе ў полі?!

 

Сын

 

— Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!

Як у люстры бачу,

Пакажу я ўсяму свету,

Хто я дый што значу!

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан