epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Тутэйшы

На чужы розум я не ўмею браць,

Па-свойму я мяркую аб усім;

Трапляю дровы сеч, касіць, араць

І сеяць — штось сабе, а штось другім.

 

Я не чыноўнік і не граф, не князь,

Таксама — я не турак і не грэк,

І нават не паляк і не маскаль,

А проста я тутэйшы чалавек!

 

*

Ў святую веру моц, здароў ці квол,

Набожна ў цэркаў і ў касцёл хаджу,

Хаця ў царкве крычаць: не йдзі ў касцёл,

А у касцёле — не хадзі ў царкву.

 

Калі ж каго бы стрэліла спытаць:

Якой ты веры? ужо ж бы так адсек:

Тутэйшай веры я, каб не салгаць,

Бо я і сам тутэйшы чалавек!

 

*

Мяне Бог не пакрыўдзіў языком

(У жонкі ж меле ён, як калаўрот),

Мне з прадзедаў застаўся ён з жыццём,

З ім ведае мяне чужы народ.

 

А вось якой я мовай гавару,

Хоць пры, каб сцяміць, к знахару па лек.

Ну што? скажу: тутэйшая яна,

Як я і сам тутэйшы чалавек!

 

*

Ад прадзедаў і бацькаўшчыну ўзяў —

Вялікая, багатая яна!—

Граніц ніхто йшчэ вокам не абняў,

Як Бог адзін — яна ў мяне адна.

 

А як завуць край гэты родны мой —

Забыўся ўжо праз свой прыгон і здзек;

Мабыць, забраны, ці тутэйшы ён,

Я ж сын яго — тутэйшы чалавек!

 

*

Вось так не то жыву і не жыву,

Сваім, што бачу, не веру вачам,

Што чую — не бяру у галаву,

І што я знаю — ўжо не знаю сам.

 

Спаўняючы, што трэба, а што не,

Сяк-так мой цягнецца на свеце век,

А як памру, то буду спаць, як пан,

І сніць, што я тутэйшы чалавек!

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан