epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

У чужой старане

Тут далёка, ў чужой старане,

Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,

Сэрца боллю сціскаецца мне

І спакой недзе коціцца проч.

 

Думы цяжкія роем снуюць,

Капашацца чмяльмі ў галаве,

Сноў спазнаць залатых не даюць,

Кожна мучыць, к загубе заве.

 

Ўсё, што чахне, не меў долі ў чым,

Чорнай п’яўкай слізгоча ў душы...

Аб жыцці беспраглядным сваім

Разважаю я ў гэтай цішы.

 

Ах, салодкі ўспамін не адзін

Шалясціць, як вяроўкаю кат...

Столькі іх, гэтых мілых часін!

А забыці іх сілы няхват.

 

Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час!

Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!

Што я меў, што я маю ад вас?

Дзе прасвету хоць цень — бледны цень?

 

Роднай песні вясёлы напеў

Не ўзлунаў над калыскай маей;

Супраціўны скрозь мучыць павеў,

Як за хлебам пайшоў да людзей.

 

Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі,

Як шалёных ганяюць сабак;

На сваёй, ах, на роднай зямлі

Сустракаўся я з сонейкам так.

 

На зямлі, што дзед, прадзед слязьмі

І гарачай крывёй паліваў,

Ўнук — ужо між чужымі людзьмі —

Тэй зямлі трох аршын не дастаў.

 

Што ж? — разгулівай, сыты чужак,

Між забраных крыжоў, курганоў,

Брат скаваны не згіне і так:

Ён другіх пашукае братоў.

 

Гэй, ты, краю халодны, чужы,

Прытулі бесхацінца к сабе:

Ён цябе, як і роднай мяжы,

Не забудзе ў прадсмертнай кляцьбе.

 

Ты, дзяўчына чужая, закрый

Па скананні мне зрэнкі мае,

Ты, чужы друг, мне яміну рый,

Віхр чужы хай памінкі спяе.

 

Крыж пастаўце, як ставіце ўсім,

Мае путы павесце на ім;

Мае слёзы з магілы расой

Выйдуць путы з’яднаці іржой.

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан