epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

У лесе

Калі бывае мне маркотна,—

А я маркочуся часцей,

Як гэта думае ахвотна

Мой дабрадзей ці ліхадзей,—

 

Тады іду я ў лес нядбала,

Каб не мазоліць воч людзям,

На мох валюся дзе папала,

І ўжо я з пушчай сам-насам.

 

Ніхто не бачыць і не чуе,

Аб чым тут гутарку вяду,

Дзе думка днюе і начуе,

Сваю хавае дзе нуду.

 

А з лесам сябры мы старыя,—

Не раз праводзілі папас;

За сорак год нам дружбу крые,

Калі сышліся першы раз.

 

За гэты час, навек схаваны,

Шмат мелі ўсякіх лет і зім,—

Былі агні, былі туманы,

Было ўсяго са мной і з ім.

 

Цяпер, калі сюды прыйду я,

Знаёма, ясна, як сляза:

Усё тыя шышкі лес гадуе,

Ўся тая ўецца дзермяза.

 

Таксама мох ляжыць, як воўна,—

Бы ў пуху песціцца нага;

Ад птушак ройна, шуму поўна,

Глядзі ды слухай як мага.

 

Сягоння бачу тут бярозку:

Была жывой — цяпер ляжыць,—

Як маёй смутнай долі цёзку,

Паспеў віхор яе скрышыць.

 

Без часу ёй прыйшлось замерці...

Ляжы, гаротная, ляжы,

Пакуль не разбяруць па чвэрці

Цябе на дровы ці крыжы!

.............................................................

На памяць мне прыйшла дзяўчына,—

Скажу — тутэйшая яна,—

І здарылася з ёй прычына,

Прычына жудкая адна:

 

Кашульку ёй знялі ў няшчасці —

Суседзі, а не іншы хто —

І падзялілі ўсю на часці,

Як бы дзяліць не мелі што.

 

Прыціхне лес ды зноў аб нечым

Шуміць, гамоніць, колькі дуж,

Супроць вятроў каробіць плечы,

Ўвесь выгібаецца, як вуж.

 

Вароны ў высі крык заўзяты

Узнялі, бы клянуць сябе,

А дзяцел дзюбаю зубатай

Дзяўбе сасонку ды дзяўбе.

 

Зязюлька ў тахт «ку-ку» кукуе,

Як ёй хто голас натачыў;

Лічу, ці доўга павякую...

Замоўкла... мала налічыў.

 

1926




Беларуская Палічка: http://knihi.com