Янка Купала

У вырай!

Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!

У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам!

Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці

І зведываць светы арліным узмахам.

 

Гэй, вольныя птахі, патомкі крывічаў!

Да неба! Па зоры і гром перуновы...

Час крылле расправіць - пагудка ўжо кліча,

Ўжо віхры цярэбяць да шчасця шлях новы!

 

Гэй, вольныя птахі, ўладарнікі песні!

На шляхі, пад сцягі красы і свабоды!..

Час вылецець к славе з пагібельнай плесні

І песняй агністай дзівіці народы.

 

1920

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com