epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Украіна

Украіна, цвеце любы,

Сонцам гадаваны,

У мінулым край няволі,

Курганоў, кайданаў.

 

Панавалі, катавалі

Гетманы, царыцы,

І паны тваёй крывёю

Не жалелі ўпіцца.

 

Знесла ты вайны сусветнай

Вялікае гора,

Кроў цякла тваіх людзінаў,

Як Дняпро у мора.

 

*

Украіна, цвеце любы

Чараўнічай сілы,

Рэвалюцыя з Усходу

Цябе абудзіла.

 

Абудзіла, а на шляху

Паўстаў вораг дзікі —

Скарападскія, пятлюры

Ды Махно, Дзянікін.

 

Запалаў твой стэп шырокі,

Паўставала гора,—

Пацякла кроў старай сцежкай,

Як Дняпро у мора.

 

*

Украіна, Украіна!

Глянь ты, азірніся:

Як цярпела, паўставала,

Як імкнешся ў высі.

 

Шлях твой ясны, як пшаніцы

Залацісты колас,

А людзей тваіх працоўных

Звонкі, смелы голас.

 

Па Дняпру тваім свабодным

У самае мора

Плывуць горда параходы,

Не знаючы гора.

 

*

Украіна! Табе вораг

Ніякі не страшан,—

Сцяг твой роўны паміж роўных

У Саюзе нашым.

 

Ты будуеш сабе шчасце

Пад сцягам чырвоным,

Як рэспублікі ўсе нашы,

З поспехам цудоўным.

 

Хто ж памкнецца табе здрадзіць,

Зноў капаць магілу,—

У Дняпры сваім патопіш

Варожыя сілы.

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан