epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Урывак з паэмы ("Дзе хмары чэзлі...")

ПЕСНЯ-МАЛІТВА


Дзе хмары чэзлі, то зноў віслі,

З-пад зор, з-пад блудных светачоў

Ні вокам людскім, ані мысляй

Нязгадны цень ка мне зыйшоў.

 

І за руку маю узяўшы,

На высь узвёўшы хат вышэй,

Сказаў: — Глядзі — во ўсё тут наша,—

Глядзі, цярпі і разумей!

 

Ляглі нязгледжаныя далі

(Як сокал, бачыць мог я ўсё),

Пустыні вецвем замахалі,

Паляны множылі жыццё.

 

Між гор шапталіся крыніцы,

Ляпіўся мох да стрэх з драніц,

Тырчэлі хвойныя капліцы,

Цвілі магілкі ля капліц.

 

Было, знаць, неякае свята

Няшлюбных з новізнай людзей,—

Шарсцелі світачныя шаты,

Лаза ўхмылялася з лапцей.

 

Гудзеў, каціўся звон вячовы,

Пужліва бор-лес падцінаў,

Ля цёмнай вецвістай дубровы

Народ збіраўся і чакаў.

 

Адны ў руках трымалі дары

Сваім прыбліжаным багам,

Другія ўспаміналі чары,

Шоў гоман сцішны сям і там.

 

Жалейкі, дуды красавалі —

Прылады свойскія музык,

Цапы і вілы ўвысь сягалі,

Як быў абшар далёк, вялік.

 

Народ чагосьці знебываўся,

Гуд недавольства плыў і плыў,—

Прызванне чулася не ў часе,

Няспелы колас рваўся з ніў.

 

Так хваляваўся гмін народны,

Пад высяй той, дзе я стаяў,

Дзень варажыўся быць лагодным,

Вей-вецер воблакі зганяў.

 

Чагось чакалі грамадзяне,

Ў вачах палаў надзеі жар,—

Пад смерць, здаецца, кожны стане,

Адвагай мітусіўся твар.

 

І вось у гэтую часіну

Да іх там-дыбаў цудадзей,

Слуга патайнасці прадзіўнай,

Надчалавек, хоць і з людзей.

 

Яму слухмяны былі хмары,

Народу сказ даваў свайму:

Якія мілыныя ахвяры

Багам, панятлівым яму.

 

Зрабіць, раскідаць мог ён дзівы,

Накінуць чары сяк і так;

Быў гэты верны і праўдзівы

Паганскіх мольбішчаў стражак.

 

Як толькі стаў паміж народам,

Заціх вячовы пераклік,

І ўзбегла песня карагодам,

Ёй пакарыўся мал, вялік.

 

Здаецца, сонца яе чула,

І просты звер, і ваўкалак,

Усіх, здаецца, ўскалынула...

А песня пела, пела так:

 

 

ПЕСНЯ-МАЛІТВА

 

О, богі рэк, лясоў і ніваў!

Дажбог, багамі свету дан,

Пярун блыскотны і грымлівы,

І ты, Купала, светач тайн,—

 

Зірніце міласцяй сваею,

Ўсе моцы вышліце на бой,

Хай распапеляць зла навею

Над упадаўшай стараной.

 

Цярэбіць стальнаю сякерай

Прыблуднік нашыя лясы,

Ў свае цянёты вабіць звера,

Святыя топча верасы.

 

Князі, накліканыя намі,

Разлікі між сабой вядуць,

Лукі з атрутнымі страламі

Проць нас спяшацца нацягнуць.

 

Адлогам лягуць скора нівы,

Узняты нашаю рукой,

Крыніц жывыя пералівы

Закалатушацца крывёй.

 

Адна на вас надзея, богі,

Нясем належную вам дань,

Зірніце ў нашыя парогі,

Паўстанем — клікніце: паўстань!

--------

Натхнёна гэтак пеў, заводзіў

Рой чалавечы на свой лад,—

Рака шуміць так у разводдзе,

Так стогне ў буру сосен рад.

 

Замерла песня. Грозна рэхі

Пайшлі па пушчах, па лясох,

Аж сціхлі птушчыныя смехі,

Аж вецер сцішыцца не мог.

 

З пакорай звесіўшы галовы,

Стаіць народ, маўчыць народ,

Сказаць аўтарнік мусіць слова,

Недарма з неба вядзе род.

 

Тады ізноў пачуўся голас

Дажбога вернага слугі,—

Шуміць наспелы гэтак колас,

Па ніве коцяцца кругі:

 

— Нам трэба к бою рыхтавацца,

Не спіць над намі вораг наш,—

Нам трэба сілаю трымацца

Сваіх святынь, духоўных паш!

 

Вось я, пастаўлены над вамі

Вышэйшай моцай небных сіл,

Старэйшы думкай і гадамі,

Змятаю ашуканства пыл.

 

Пара, пара ўжо агарнуцца

І гартам высталіць свой дух,

Пакуль здрадліва пранясуцца

Званы заломных злыбядух!

 

Сваёй рукой я прызначаю

Дванаццаць выбраных між вас,—

Жалейку кожны атрымае

І перайме такі наказ:

 

«З жалейкай кожны хай сваею

Не расстаецца ўвесь свой век,

Заве і верай і надзеяй

Слязу і ўцеху з-пад павек.

 

Радзімым словам у цярпенні

Звініць пагудкаю братам

І з пакалення ў пакаленне

Перадавае сваякам.

 

Дакуль свайго не здрадзіць слова

Свая народная рука,

Датуль з галін святой дубровы

Чужняк не сцягне і лістка.

 

Дык вось, жалейкі вы бярыце,

Ў дванаццаць месц кладзіце след:

Дванаццаць ветраў сустракніце,

Дванаццаць выправіце ў свет!

 

Дзе толькі ступіце, знямее

Нямая чорная напасць.

Ніхто чапіць вас не пасмее,

Усякі вам дарогу дасць.

 

Трутнёў не будзеце забавай,

Краіны вольнае сыны,

Прамчыцца бурна ваша слава

На ўсе чатыры стараны.

 

А нашы хаты, нашы сёлы

Хай з думкай носяцца аднэй:

Як гэты обшар невясёлы

Абхарашыці багацей.

 

Хай ставяць цвёрдыя запоры

Перад навалаю чужой,

Глядзяць і моляцца на зоры

Усёй раднёй, усёй сям’ёй.

 

Цяпер прашу вас адабрацца

У вянок адборных галасоў:

Дзяўчат дванаццаць па дванаццаць

І столькі сама дзецюкоў.

 

Агонь аўтарны разлажыце,

Ахвяру небу аддадзім,

Няпраўды толькі не будзіце,

Хай спіць пад полагам сваім.

 

І песню спейце на прашчанне,—

Мы, старцы, будзем слухаць вас,—

Дзядам хай нашым лёгка стане,

Што вера, песня госце ў нас».

 

І стала так, як старац гэты

Сказаў пакорнай грамадзе,—

Аўтар заняўся перасветам,

Ад песні розгалас ідзе.

 

На небе змены загасцілі,

Вясёлак выплылі кругі.

Патайна хмары гаманілі,

Лучыўся з песняй шум глухі.

 

Але вось з захаду з-за бору,

На від не мал і не вялік,

У чужаземецкім уборы

Брыдзе-йдзе нейкі чараўнік.

 

З-пад світкі чорнай даўгаполай

Блішчэла бляха наўскасяк,

Пры боку меч матаўся голы,

На світцы — нейкі страшны знак.

 

Народ здзівіўся, як загледзеў,

Заварушыўся, зашумеў:

«Вы так не рушыцесь, мядзведзі,

Ты так не страшны, сільны леў!»

 

Аўтарнік тайную малітву

Паціху над людзьмі тварыў,—

Ён бачыў будучыя бітвы,

Ён новых ворагаў адкрыў.

 

— Скажы: скуль ты? якому сонцу

Твая паклон б’е старана? —

Звярнуўся так да незнаёмца

Прыбочнік верны Перуна.—

 

Чаго прыйшоў, чаго ты хочаш

Ад гэтых жыхароў пустынь?

Чым нашы душы замарочыш?

Пакінь ты лепей нас, пакінь!

 

З цябе нядобры вецер вее,

Па трупах ты, відаць, ішоў.

Скажы нам, хто цябе асмеліў

Да нашых збліжыцца каўшоў?

 

— Чакай, чакай, так не расходзься

Не трэба слова мне твайго:

Я з далі дальняй к вам прыплёўся,

Пасланец бога я свайго.

 

Я вам нясу другую веру,

Я вам нясу багоў другіх,

Вам толькі адчыняці дзверы

І гнаць багоў старых сваіх.

 

Хлеб свой ад’елі богі вашы,

Мой бог — зямлі ўсёй чыста бог!

Багоў я вашых ім адстрашу

І кіну вас да яго ног.

 

Так гаварыў прыблуднік ночы,

Народ і слухаў, і маўчаў,

Але як скончыў, люд не змоўчыў:

Разгаманіўся, закрычаў:

 

— Як смееш здзекавацца гэтак

Ад свайго бога-павука!

Цямрук ілжывы, прайдзісвета,

Пасол ты ліса ці ваўка!

 

Прэч, прэч! З сваёй святой павагай

Прыйшоў нас толькі зневажаць!

Заплоціш смерцю за знявагу,—

Багоў не нашых табе гнаць!

 

Як шум асенняга вятрыска,

Лунаўся розгалас сляпы,

Тапор завостраны заблыскаў,

Грымнулі вілы і цапы.

 

Людское помсты дух узняўся,

Ста віхраў свісты ніпачым,

Суд і расправа пачалася

Над тым прарокам прыблудным.

 

Крыві расіны заблішчэлі

На чорнай стоптанай зямлі;

Лёг незнаёмы на пасцелі,

На той, дзе ўсе на той свет шлі.

 

Дубовай кованай лапатай

Глыбокі выкапалі дол,

Злажылі брата ці не брата

Сыны крывіцкіх ціхіх сёл.

 

Уняўся гоман надхаўтурны,

Запанавала цішына,

Пагляд паважны і пахмурны

На час адзела старана.

…...............................................

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com