Ўвесь да дна трэба выпіць свой келіх жыцця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам;
З роўнай меркай чакаць вечнаты й небыцця,
Заадно абымацца з анёлам і гадам.
Не мяркуйся свой быт давясці да канца,
Не скрывіўшы ні каплі душою,—
Не сягоння, то заўтра ўпрагуць малайца,
Запішчыш і здружышся з таўпою.
Днём з агнём не задумай ты праўду знайсці,
Паспытаць, што за смак гэтай праўды,—
Бо што зробіш, як знойдзеш, ты з ёю ў жыцці?
Сам спужаешся гэтакай знайды!
Хтось там скажа, што церні на шляху ляглі,
Што сіротам дзьме вецер у вочы,—
Ну, дык будзь цернем сам, будзь сын верны зямлі,
Віхрам будзь і бушуй сярод ночы!
Кажуць, кветку стаптала быдляча нага...
Няхай топча, і ты рабі тое;
Сам Антыхрыст не пойме, што нельга, што льга...
Ты не стопчаш — цябе стопчуць ўдвое.
Мо захочацца сэрца, кахання, пяшчот...
Плюй, бо йнакш аплююць і самога.
Ліжы золату рукі і карк гні, як скот,
Купіш ўсё: сястру, брата і Бога.
З сонцам, з зорамі ўздумаеш збратацца, жыць,
Вольнай птушкай лунаці па свеце...
Смейся!.. Лепш вось старайся ты з катам здружыць,
Калі горшых не хочаш пут меці.
Бачыш, косці па полі збірае груган
І твае так калісь збіраць будзе...
Дык жыві ж з сабой сам ці цвярозы, ці п’ян
І з людзьмі так жыві, як і людзі.
Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам;
З роўнай меркай чакай вечнаты й небыцця,
Заадно абымайся з анёлам і гадам.
1915