epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Узніміся, сцяг чырвоны!..

Узніміся, Сцяг Чырвоны!

Першай, конніца, ўпярод!

Пала царская карона,

Беларускі ўстаў народ.

 

Смела ўсе на барыкады!

Не для нас астрог і страх;

Мы памерці будзем рады

З сцягам вольнасці ў руках.

 

Беларусы мы, не зломкі,

Моцны ўсе ў паходзе мы,

Не вядуць нас камандзіры,

А жалезныя арлы.

Смела ўсе на барыкады! і г. д.

 

Мы Пілсудскага разбілі

І ўсе межы разаб’ём

Ды мазолістай рукою

Капітал з зямлі змяцём.

Смела ўсе на барыкады! і г. д.

 

Мінск наш быў захоплен панам,

Але ўцёк пан, як мага...

За свабоду Беларусі

Гукнем громкае «Ура!».

Смела ўсе на барыкады! і г. д.

 

Беларусы дружна ўстануць

За савецкія правы,

Пралетары ўсе пачуюць,

Як змагацца ўмеем мы.

Смела ўсе на барыкады! і г. д.

 

Узніміся, Сцяг Чырвоны!

Першай, конніца, ўпярод!

Пала царская карона,

Беларускі ўстаў народ!

 

Смела ўсе на барыкады!

Не для нас астрог і страх;

Мы памерці будзем рады

З сцягам вольнасці ў руках.

 

[1920-1925]


[1920-1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан