epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вялікдзень

Два святы на свеце — ад нівы да нівы:

Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!

Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.

І далей к жыццю з паніжэння і сна!

 

Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў

Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!

Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты

У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!

 

*

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.

Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,

А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,

Аб тых, што ў світанні на век адышлі,—

 

Усе костачкі тыя на гонях папарных,—

Жывых, што ў бяспуцці акуццем звіняць...

Прыпомні, дай слова не шчэзнуці марна,

Пачатую справу шырыць, расшыраць!

 

*

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы

Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.

Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.

І заўтра на поле да сох як адзін!

 

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,

Адвечных не можам пазбыціся слёз...

Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,

Вясна ўжо на свеце,— Хрыстос уваскрос!

 

1909




Беларуская Палічка: http://knihi.com