epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вярба

Стаіць вярба сухая

У полі на мяжы,

Кару з галін спіхае,

Галіны — як крыжы.

 

Ці непагадзь іх мые,

Ці спеката пячэ,—

Угару глядзяць нямыя,

Штогод нямей яшчэ.

 

Шчабетлівая птушка

Папеці не ляціць,

І мятлічак, і мушка

Гняздо баяцца віць.

 

Адно птах несвянцоны

Спраўляе свой папас...

Падбітыя вароны

Ды груганы падчас...

 

А ўсесвяточнай ночай,

Як ляжа цемната,

Ў сухой вярбе ляскоча

Асенняя слата.

 

Галодны вецер свішча,

Шалее ў злыбядзе,

Цямняцкае ігрышча

З сухотніцай вядзе.

 

Праклённы хохат-рогат,

Выклічыны жуды,

І жальны ціхі ёкат

Там чуецца тады.

 

Ў такі час кажуць людзі

Аб той вярбе сухой:

Хай Бог суддзёю будзе

Над грэшнаю душой.

 

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан