epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вясна

У вянку з пралесак,

У святлянай шаце

Ходзе борам-лесам,

Полем, сенажацяй.

 

Сонцу-яснагрэю

Расплятае косы,

Раніцамі сее,

Як брыльянты, росы.

 

Сцелецца травіцай,

Ветрыкам шапоча,

Коціцца крыніцай,

Рыбкаю плюскоча.

 

Весела міргае

Сошцы і баронцы,

Зернятка хавае

Ў свежай баразёнцы.

 

У гайкі заходзе,

Шапаціць лісткамі;

Гутарку заводзе

З белкамі, дзятламі.

 

Роднае прыселле,

Вырай любіць вуча,

Лад вядзе ў капэле

Грамады пявучай.

 

Сяміцвет — вясёлкай

Ззяе над далінкай,

Ходзе за кароўкай,

Гляне і ў хацінку.

 

Дзецюку, дзяўчыне

Блогасна ўсміхнецца,

Штось на вуха кіне,

Закалоце сэрцам.

 

І усюдых гэтак —

Полем, сенажацяй,

У кароне з кветак,

У святлянай шаце.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан