epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вечар

Мой вечар, знаю, блізка, недалёка —

Ёсць раніца — павінен й вечар быць,

Але не счэзну я з-пад долі вока —

Дзень, вечар, ноч, а трэба, буду жыць!

 

Зямлі і сонцу нізка пакланюся —

Я сын зямлі і сонца вольны сын!

Як з братам, з ветрам шчыра абымуся —

Я — ветру, а мне вецер друг адзін.

 

Сум вечны пасаджу свой на пасадзе —

Ён заслужыў даўно ў мяне на трон,—

Ўзлажу карону з слёз яму ў парадзе —

Така карона ўсіх важней карон.

 

Слугой яму прызначу адзіноту —

Яна сама вярнейша з слуг — без здрад;

Асветлю хорам сваіх дум яснотай —

Дум шмат я маю, ах, як шмат, як шмат!

 

Душы дам волю, заручуся з песняй —

Душа і песня — свет мой, скарбы ўсе мае...

Хай раніца жыцця майго ускрэсне,

Хай вечар мне жыцця ноч дапяе!

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан