epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вечарынка

Вечарынка у калгасе,

У «Чырвоным аратаю»,—

Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,

Прыйшлі Зосі, Стасі, Касі,

І гармонік грае, грае.

 

Прыйшлі з поля, з гаспадаркі,

Клуб запоўніўшы да краю,

Брыгадзіры і даяркі,

Брыгадзіркі і свінаркі,

А гармонік грае, грае.

 

Ходам ходзяць гаспадыні —

Маладая і старая,—

Зіна шэпча штось Мальвіне,

А Мальвіна шэпча Зіне,

А гармонік грае, грае.

 

Захапіўшы ў першай пары

Янка Маньку, Юрка Раю,

Даюць дыхту, даюць жару,

«Сербіянку», польку шпараць,

А гармонік грае, грае,

 

За сталом ідзе бяседа

Аб жыцці, аб ураджаі,

П’е суседка да суседа,

Хто не снедаў, тут даснедаў,

А гармонік грае, грае.

 

Ночка сходзіць, сонца ўсходзіць,

І дамоў было б пара ім,

А скакаць яшчэ не годзе,

Яшчэ танец на расходзе,

А гармонік грае, грае.

 

Во й начлежнікі з начлегу

Як бы хто ім там нараіў,

Закаціліся з разбегу

І пайшлі у скок шарэнгай,

А гармонік грае, грае.

 

Весяліся, ганарыся,

Мой «Чырвоны аратаю»!

Скварка плавае у місе,

У шаўку скача Марыся,

І гармонік грае, грае.

1935




Беларуская Палічка: http://knihi.com